Сідорскі разлічвае на стварэнне АЭП раней за запланаваныя тэрміны

24.09.2010 12:45
Архив Редакция

Беларусь разлічвае на фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) у рамках Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана раней за запланаваныя тэрміны. "Кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу вырашыць пытанне да 1 студзеня 2012 года. Думаю, што яго мы вырашым раней", — заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 24 верасня ў Рызе на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Латвіі.

Прэм’ер-міністр Беларусі адзначыў, што нарматыўна-прававую базу для стварэння АЭП Мытнага саюза плануюць падрыхтаваць да 1 студзеня 2011 года. Стварэнне АЭП, на думку Сяргея Сідорскага, дазволіць вызначыць далейшы кірунак супрацоўніцтва краін — членаў МС у энергетычнай галіне, у тым ліку вырашыць пытанне доступу да энерганосьбітаў, перадае БелТА.

Аналізуючы развіццё беларускай эканомікі за апошнія гады, Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што ў рэспубліцы створана больш за 200 новых экспартаарыентаваных прадпрыемстваў. Зараз ставіцца задача павялічыць іх лік. «Гэта будуць вытворчасці пятага і шостага тэхналагічнага ўкладу», — удакладніў прэм’ер.

Кіраўнік урада, што таксама нагадаў, што Беларусь мае намер рэалізаваць магутную праграму па лібералізацыі эканомікі, дзякуючы якой краіна плануе ўвайсці ў трыццатку дзяржаў з найбольш спрыяльнымі ўмовамі па вядзенні бізнесу. «Мы ставім перад сабой гэтыя амбіцыйныя мэты», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Сідорскі: прыватызацыя ў Беларусі носіць кропкавы характар

Па словах Сяргея Сідорскага, прыватызацыя ў Беларусі носіць кропкавы характар. Беларускіх спецыялістаў у пытаннях прыватызацыі кансультуюць міжнародныя эксперты, у тым ліку МВФ.

Як адзначыў прэм’ер-міністр, у Беларусі праводзіцца не толькі глыбокая лібералізацыя нарматыўнай базы, але і ўдасканальваюцца метады працы з кожным інвестарам. Сёння любы патэнцыйны інвестар можа зарэгістраваць сваё прадпрыемства за максімальна кароткія тэрміны. Робяцца захады і па развіцці падатковай сістэмы, якая, як чакаецца, хутка будзе адпавядаць еўрапейскім стандартам.

Асаблівыя надзеі па прыцягненню дадатковых інвестыцый у Беларусь прэм’ер-міністр звязвае з працай Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва. «Кожны інвестар будзе ўзяты за руку гэтым інвестагенцтвам і праведзены па ўсіх этапах, аж да пачатку работы прадпрыемства», — сказаў Сяргей Сідорскі.

Прэм’ер-міністр таксама дадаў, што ў бліжэйшыя гады Беларусь плануе пашырыць свае экспартныя рынкі. Сёння краіна гандлюе са 160 дзяржавамі.

Как вам новость?
Головоломки