Сідорскі спадзяецца на штомесячны значны рост ВУП

18.03.2010 13:31
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі разлічвае, што ў 2010 годзе кожны месяц будзе назірацца значны прырост ВУП краіны. Пра гэта прэм'ер паведаміў 18 сакавіка ў Мінску падчас сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Філіпам Ле Уэру. "Гэты год дае нам усе падставы, каб значна дадаць у эканамічным росце і нагнаць страчанае ў 2009 годзе", — сказаў кіраўнік урада.

«На 2010 год мы прынялі праграму развіцця і ўпэўнены, што, калі ў краінах-партнёрах не адбудзецца значнага фінансавага крызісу, мы зможам істотна дадаць сёлета, — лічыць беларускі прэм’ер. — Мы ўпэўнены, што сістэма мер, якую прыняў урад, дазволіць кожны месяц дадаваць у росце ВУП».

Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў першыя два месяцы гэтага года ВУП краіны павялічыўся на 3,5%. Па словах прэм’ера, краіна перажыла складаны для яе 2009 год. «Наша эканоміка экспартаарыентаваная, таму мы змушаны былі прадпрымаць значныя меры як па развіцці ўжо існых рынкаў збыту нашай прадукцыі, так і па засваенні новых. Шмат у чым нам гэта атрымалася», — цытуе БелТА словы прэм’ер-міністра.

Па словах прэм’ера, урад прыняў антыкрызісную праграму, у якой паспрабаваў прадугледзець усе пытанні эканамічнага развіцця, у тым ліку на перспектыву. «Вынікі 2009 года сведчаць, што мы шмат што здолелі зрабіць, не маючы пры гэтым значных рэсурсаў. Напрыклад, ВУП Беларусі за 2009 год узрос на 0,2%. Вялікія поспехі былі зроблены і ў частцы прыцягнення інвестыцый. Усё гэта адбылося на фоне лібералізацыі эканомікі і паляпшэння бізнэс-клімату», — сказаў Сяргей Сідорскі.

Сідорскі: для Беларусі вельмі важная праца з Сусветным банкам

Беларускі прэм’ер распавёў, што ў пытаннях лібералізацыі эканомікі значную дапамогу краіне аказала падтрымка міжнародных структур, у тым ліку Сусветнага банка і МВФ. «Мы надаём вялікае значэнне працы з Сусветным банкам, асабліва ў пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. І нам таксама вельмі важныя кансультацыі, якія праводзяцца са спецыялістамі», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што ў рамках цяперашняга візіту экспертаў Сусветнага банка ў Беларусь бакі плануюць падпісаць шэраг дакументаў, якія тычацца развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Гэта добры плюс да тых праграм, якія дзейнічаюць сёння: энергаэфектыўнасць, чарнобыльская праграма, сацыяльная», — распавёў прэм’ер.

Ле Уэру: Сусветны банк разлічвае на далейшае паглыбленне партнёрства

У сваю чаргу, віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Філіп Ле Уэру паведаміў, што банк пашырыў магчымасці фінансавай падтрымкі Беларусі і разлічвае на далейшае паглыбленне партнёрства.

«Партнёрства засноўваецца на даверы. Беларусь і Сусветны банк з’яўляюцца партнёрамі ўжо больш за дзесяць гадоў. Мы вельмі задаволены дасягнутымі вынікамі і спадзяемся, што на працягу наступных дзесяці гадоў супрацоўніцтва яны будуць толькі паляпшацца», — сказаў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка.

Па словах Філіпа Ле Уэру, урад Беларусі за апошнія дзесяць гадоў здолеў забяспечыць «такі эканамічны рост, які бліжэй да кітайскага, чым да еўрапейскага, здолеў істотна зменшыць узровень беднаты ў краіне».

«Я бачу, што нашы сумесныя праекты ў Беларусі працуюць вельмі добра. Гэта з’яўляецца прыкметай высокага ўзроўню дзяржкіравання ў краіне, што ў сваю чаргу з’яўляецца важным элементам, які неабходны для развіцця прыватнага сектара», — адзначыў віцэ-прэзідэнт СБ.

Закранаючы пытанні далейшага развіцця Беларусі, Філіп Ле Уэру выказаў меркаванне, што прынятая ў рэспубліцы стратэгія эканамічнага развіцця «правільна арыентавана». «Магчыма, мы зможам дапамагчы вам у дасягненні запланаваных мэт», — дадаў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка.

18 сакавіка ў Мінску праходзіць семінар з удзелам спецыялістаў Сусветнага банка, чальцоў урада і прадстаўнікоў шэрагу міністэрстваў Беларусі. «На семінары мы будзем абмяркоўваць праблемы вяртання Беларусі да тых высокіх тэмпаў эканамічнага росту, якія назіраліся ў апошнія дзесяць гадоў», — рэзюмаваў Філіп Ле Уэру.

Как вам новость?