Сідорскі: стымуляваць безнаяўныя разлікі трэба эканамічна

15.06.2010 14:44
Архив Редакция

У Беларусі неабходна ўзмацніць працу па імпартазамяшчэнні ў сферы безнаяўных разлікаў, а таксама эканамічна іх стымуляваць. Пра гэта прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў 15 чэрвеня на паседжанні прэзідыуму Саўміна, падчас якога разглядалася выкананне дзяржпраграмы развіцця тэхнічнай інфраструктуры, якая забяспечвае выкарыстанне банкаўскіх пластыкавых картак, на 2006-2010 гады.

«Праграма была прынята ў 2006 годзе, тэрмін яе рэалізацыі — 2010 год, — нагадаў прэм’ер. — Галоўнай мэтай праграмы з’яўлялася развіццё тэхнічнай інфраструктуры безнаяўных плацяжоў, скарачэнне наяўнага грашовага абароту. У цэлым гэтая праграма выконваецца. Доля безнаяўных аперацыяў у агульнай суме аперацый з карткамі у Беларусі складае 11,4%, да прыкладу, у Расіі — 9%, ва Украіне — 5% «.

Аднак, па словах кіраўніка беларускага ўрада, ёсць шэраг сур’ёзных пытанняў па аб’ектах тэхнічнай інфраструктуры. «Мы ўпусцілі шэраг пытанняў, датычных працы мінпрама ў гэтым напрамку. Гэта, у першую чаргу, вытворчасць банкаматаў, інфакіёскаў, плацёжных тэрміналаў. Праца фактычна на нулі. І самае галоўнае, пытанне не ў жалезе, а ў ідэалогіі», — цытуе Сяргея Сідорскага БелТА.

Беларускі прэм’ер адзначыў, што гэтае пытанне павінна было вырашыць міністэрства прамысловасці з буйнымі міжнароднымі кампаніямі. «На жаль, ні падыходаў з боку мінпрама не арганізавана, ні вынікаў. А ў цэлым за апошнія гады мы закупілі абсталявання на 130 млрд. рублёў», — сказаў Сяргей Сідорскі.

Сідорскі: мінпрам выпускае нікому не патрэбную прадукцыю

Акрамя таго, па словах прэм’ер-міністра, у адпаведнасці з праграмай прадпрыемствы мінпрама павінны былі наладзіць вытворчасць картак. Таксама мінпрам павінен быў наладзіць выпуск тэрмінальнага абсталявання, аднак асноўнай праблемай пры вытворчасці гэтых аб’ектаў з’яўляецца іх сертыфікацыя ў міжнародных аплатных сістэмах, адзначыў Сяргей Сідорскі.

«За атэстацыю такога абсталявання трэба было аддаць 100 тыс. даляраў, а ў выніку выдаткавалі 40 млн. даляраў за імпартнае, — падкрэсліў прэм’ер-міністр. — Мінпрам выпускае прадукцыю, якая нікому не патрэбная. Трэба выпускаць карткі па міжнародных стандартах. Няхай едуць за мяжу, шукаюць замежныя кампаніі, з якімі будуць кааперавацца і працаваць «.

Сяргей Сідорскі таксама звярнуў увагу на тое, што каардынатарам па гэтых пытаннях быў Нацыянальны банк. Па словах прэм’ера, галоўны банк краіны заўсёды ставіць пытанне перад урадам па імпартазамяшчэнні.

«Аднак, чаму Нацбанк сам не вырашае пытанне, якое ён мусіць вырашаць па імпартазамяшчэнні? Чаму на назіральным савеце Нацыянальнага банка гэтыя пытанні не разглядаюцца? У выніку на закупку імпартнага абсталявання мы трацім дарагую для краіны валюту», — канстатаваў Сяргей Сідорскі.

Как вам новость?