Сідорскі: у Беларусі няма ажыятажу на грэчку

10.09.2010 15:59
Архив Редакция

Ажыятажнага попыту на крупы, у тым ліку на грэчку, які назіраецца ў суседніх краінах, у Беларусі няма. Пра гэта 10 верасня заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Па словах прэм'ера, Беларусь у поўным аб'ёме забяспечвае свае ўнутраныя патрэбы, бо запасаў харчовых тавараў, у тым ліку крупяных вырабаў ўсёй наменклатуры, у краіне дастаткова.

Прэм’ер-міністр Беларусі расказаў, што ў цяперашні час грэчка актыўна прыбіраецца з палёў і паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія працуюць стабільна. «Грэчкі ў продажы будзе столькі, колькі трэба», — запэўніў Сяргей Сідорскі. Разам з тым, некаторы ажыятаж вакол крупяных вырабаў прэм’ер назваў «падагрэтым», перадае БелТА.

Кіраўнік урада таксама распавёў, што ў апошні час беларускія прадпрыемствы павялічылі аб’ёмы вытворчасці крупаў, каб забяспечыць гандаль. «Калі ж узнікаюць нейкія перабоі з наяўнасцю гэтых вырабаў на прылаўках, то гэта звязана з рытмічнасцю пастаўкі тавараў у гандлёвую сетку», — растлумачыў Сяргей Сідорскі.

Акрамя таго, па словах прэм’ер, каб не дапусціць адтоку беларускай грэчкі ў Расію, дзе цана на яе ўдвая вышэйшая, урад вырашыў крыху падняць кошт на гэтую прадукцыю ў Беларусі. Пры гэтым Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што грэчка будзе каштаваць танней, чым за межамі нашай краіны.

Сідорскі: Беларусь сёлета адмовіцца ад закупкі мукі цвёрдых гатункаў

Прэм’ер-міністр Беларусі таксама распавёў, што Беларусь у 2010 годзе вырашыла адмовіцца ад закупкі мукі цвёрдых гатункаў, так у краіне дастаткова гэтай прадукцыі добрай якасці. Раней Беларусь купляла 150-250 тыс. тон мукі цвёрдых гатункаў. «Праблема была вырашана сумесна з навукоўцамі, і ў бягучым годзе ўсе віды выпечкі (і чорных, і светлых гатункаў) будуць з беларускага збожжа», — адзначыў Сяргей Сідорскі.

Адносна інфармацыі з перабоямі сметанковага масла, прэм’ер-міністр заявіў, што праблемы з гэтай прадукцыяй быць у прынцыпе не павінна. «Усе малочныя камбінаты забяспечаны малаком, у нармальным рэжыме функцыянуюць перапрацоўчыя прадпрыемствы. Каля 80% ад агульнага аб’ёму вырабленага ў Беларусі масла сыходзіць на экспарт. Нам нічога не каштуе на працягу аднаго дня развярнуць частку экспартных патокаў на ўнутраны рынак», — патлумачыў прэм’ер.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у Баранавічах 9 верасня цана на грэчку за адзін дзень паднялася ў два разы. У крамах горада кілаграм грэчкі беларускай вытворчасці цяпер каштуе не 2,5 тыс. рублёў, як раней, а ад 5,2 тыс. рублёў да 5,9 тыс. рублёў. Гэта нават даражэй за расійскія крупы, якія цяпер каштуюць каля пяці тысяч рублёў. У той жа час у многіх крамах Мінску і абласных гарадах у апошні час назіраюцца перабоі з пастаўкамі масла.

Как вам новость?
Головоломки