Сідорскі: за пяцігодку ВУП Беларусі вырасце на 160%

30.07.2010 09:18
Архив Редакция

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі даклаў прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку аб гатовасці дакументаў па развіцці эканомікі краіны на 2011-2015 гады. Па словах кіраўніка ўрада, Саўмін ў цэлым ставіць задачу па росце ўнутранага валавага прадукту на наступную пяцігодку больш за 160% да ўзроўню бягучай пяцігодкі.

Такіх паказчыкаў плануецца дасягнуць за кошт актыўнага развіцця прамысловасці, сельскагаспадарчага блоку, інвестыцыяў, а галоўны ўпор робіцца на прамыя замежныя інвестыцыі і выкарыстанне патэнцыялу прамысловых прадпрыемстваў.

Урад таксама разлічвае больш актыўна развіваць прыватызацыю прадпрыемстваў, якім неабходна абнаўленне тэхнічных і тэхналагічных працэсаў і сродкаў, для чаго Саўмін плануе прыцягваць прамыя інвестыцыі.

У найбліжэйшы час будзе ўнесены дадатковы пералік прадпрыемстваў, якія ўжо ў будучай пяцігодцы павінны атрымаць паскоранае развіццё з гэтым элементам эканамічнага рэгулявання, распавёў прэм’ер-міністр, адзначыўшы, што пяць прадпрыемстваў ужо выстаўлена на продаж у гэтым годзе ў адпаведнасці з дамоўленасцю з Міжнародным валютным фондам.

Сідорскі расказаў Лукашэнку аб поспехах у эканоміцы ў першым паўгоддзі

Сяргей Сідорскі таксама праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб выкананні прагнозных паказчыкаў у эканоміцы ў першым паўгоддзі 2010 года. У прыватнасці, прэм’ер адзначыў, што інфляцыя за шэсць месяцаў склала толькі 4,1%, хаця за аналагічны перыяд мінулага года тэмп яе росту дасягнуў 7,3%. Па словах кіраўніка ўрада, за год рост коштаў у краіне не павінен перавысіць 10%.

У ліку станоўчых вынікаў у першым паўгоддзі прэм’ер-міністр назваў апярэджанне тэмпаў росту экспарту над паказчыкамі імпарту (27-29% супраць 12-15%), чаго ўдалося дасягнуць дзякуючы выхаду на новыя рынкі збыту беларускай прадукцыі.

«За шэсць месяцаў 2010 года паступленне імпарту ў краіну скарочана на 500 млн. даляраў. У 2013 годзе ставіцца задача выйсці на нулявое сальда, а ў далейшым забяспечыць дадатнае сальда знешняга гандлю. Для гэтага неабходна паскорана заняцца імпартазамяшчэннем», — падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Кіраўніку дзяржавы таксама дакладзена аб тым, што ў першым паўгоддзі ўведзена 3,2 млн. квадратных метраў жылля, а ў цэлым па выніках года плануецца пабудаваць больш за шэсць мільёнаў квадратных метраў жылля, у наступным жа годзе — 9,1 млн. квадратных метраў жылля. Галоўны ўпор будзе зроблены на ўзвядзенні сацыяльнага жылля, памяншэнні чаргі тых грамадзянаў, якія маю ў ім патрэбу, паведаміў беларускі прэм’ер.

Што датычыцца тэмпаў росту інвестыцыяў, то да канца года плануецца выйсці на ўзровень звыш 120% да ўзроўню 2009 года. Як падкрэсліў Сяргей Сідорскі, для гэтага ёсць усе падставы. Прэзідэнту дакладзена аб завяршэнні рэалізацыі інавацыйнай праграмы, разлічанай на 2007-2010 гады. За гэты час у краіне пабудавана 185 новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, тэхнічна мадэрнізавана 343 дзейныя вытворчасці.

Кіраўнік урада таксама паведаміў, што на наступную пяцігодку ставяцца яшчэ больш амбітныя задачы па інавацыйным развіцці эканомікі. Так, уводзіцца паказчык інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі на экспарт. На думку Саўміна, гэта будзе стымуляваць беларускіх вытворцаў да ўдасканалення вытворчасці і выпуску больш канкурэнтнай прадукцыі.