Сёлета рэспубліканскі суботнік пройдзе 24 красавіка

09.04.2010 12:10
Архив Редакция

Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову № 530, паводле якой 24 красавіка ў краіне адбудзецца штогадовы рэспубліканскі суботнік. "Суботнік арганізуецца ў сувязі са святкаваннем 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў і аб'яўленнем цяперашняга года годам якасці", — распавялі ва ўрадзе.

«Прапанову пра правядзенне суботніка падтрымалі калектывы працаўнікоў арганізацый і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Рэкамендавана правесці рэспубліканскі суботнік на добраахвотнай аснове», — адзначылі ва ўрадзе, паведамляе БелТА.

«Людзі будуць працаваць на працоўных месцах або добраўпарадкоўваць і прыводзіць у належны стан населеныя пункты, мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і вайсковай славы, пахаванні ваяроў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, пахаванні ў месцах масавай згубы грамадзянскага насельніцтва», — гаворыцца ў паведамленні Саўміна.

Як паведамляецца, была створана працоўная група для падрыхтоўкі і правядзення 24 красавіка рэспубліканскага суботніка, якую ўзначаліў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза. У складзе працоўнай групы таксама кіраўнікі міністэрстваў, камітэтаў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама.

«Грашовыя сродкі, заробленыя на працоўных месцах у дзень суботніка, у аб’ёмах, вызначаных працаўнікамі, у добраахвотным парадку пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам», — распавялі ва ўрадзе.

У сваю чаргу, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам пералічваюць 50% паступілых грашовых сродкаў міністэрству фінансаў у парадку, усталяваным гэтым міністэрствам. «Астатнія 50% грашовых сродкаў застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама і накіроўваюцца на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне і добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы, пахаванняў ваяроў і партызан Вялікай Айчыннай вайны і гэтак далей», — распавялі ў Саўміне.

Как вам новость?