Сем прэтэндэнтаў падалі дакументы ў ЦВК

12.11.2010 16:31
Архив Редакция

Прэтэндэнт ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ў пятніцу, 12 лістапада, падаў у Цэнтрвыбаркам пакет дакументаў, неабходных для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі. Такім чынам, апазіцыйны палітык стаў сёмым удзельнікам выбарчай кампаніі, які заявіў аб сваіх намерах працягваць барацьбу.

Як раней паведамляў Тэлеграф, па стане на дзень 12 лістапада дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі ў ЦВК падалі яшчэ шэсць чалавек: Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Правальскі (не сабраў неабходную колькасць подпісаў), Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік, у сваю чаргу, заявіў, што на дадзены момант у Беларусі ёсць два кандыдаты — дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і яго калектыўны апанент. «Практычна ўсе дзевяць апанентаў Лукашэнкі заяўляюць аб сваёй апазіцыйнасці. Таму іх можна разглядаць як калектыўнага апанента», — адзначыў прадстаўнік ЦВК.

Па дадзеных ЦВК, дзесяць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі змаглі сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатамі 100 тыс. подпісаў. З 11 чалавек, якія заяўлялі аб зборы неабходнай колькасці подпісаў, не змог пераадолець мяжу толькі найлепшы індывідуальны прадпрымальнік 2009 года сферы аказання паслуг Уладзімір Правальскі, які, як лічаць у ЦВК, падаў толькі 700 сапраўдных подпісаў, а астатнія — копіі.

Уладзімір Правальскі, у сваю чаргу, сказаў, што толькі з СМІ ведае пра тое, што ў яго падпісных лістах агулам каля 700 арыгінальных подпісаў, а ўсё астатняе — гэта ксеракопіі гэтых подпісаў. І ніякіх афіцыйных дакументаў з Цэнтрвыбаркаму на гэты конт прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта не атрымліваў.

Цяпер аддзел унутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебску праводзіць праверку па факце падробкі падпісных лістоў у падтрымку вылучэння Уладзіміра Правальскага кандыдатам у прэзідэнты.

Как вам новость?
Головоломки