Сенатары ЗША заклікаюць ЕС адмовіцца ад партнёрства з "Белнафтахімам"

21.01.2011 15:35
Архив Редакция

Група сенатараў ЗША выступіла з прапановай да Еўрасаюзу падтрымаць санкцыі ЗША і ўвесці забарону на дзелавыя адносіны з канцэрнам "Белнафтахім" "у сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі". Адпаведны ліст амерыканскія сенатары 19 студзеня накіравалі вярхоўнаму прадстаўніку Еўрапейскага саюза па міжнародных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Па словах амерыканскіх сенатараў, «Белнафтахім» з’яўляецца «падкантрольным дзяржаве канцэрнам, што мае вырашальнае значэнне для фінансавага дабрабыту рэжыму прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».

Як адзначылі ў прэс-службе сенатара Джона Макейна, «Еўрасаюз з’яўляецца для «Белнафтахіма» асноўным рынкам», менавіта таму сумесныя санкцыі ЕС і ЗША «ярка прасігналізуюць прэзідэнту Беларусі, што трансатлантычныя супольнасць больш не стануць трываць яго брутальныя дзеянні і палітыку», — перадае БелаПАН.

Сенатары, што пад лістом (Джозаф Ліберман, Джон Макейн, Джын Шахін, Рычард Лугар, Рычард Дурбін і Роберт Кэйсі-малодшы), адзначылі, што ЗША і ЕС варта размаўляць з урадам і народам Беларусі «ў адзін голас»: узмацніць санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва краіны, пры гэтым узмацніўшы матэрыяльную і тэхнічную падтрымку грамадзянскай супольнасці і праваабарончых груп.

«Беларускі народ павінен ведаць, што Еўрасаюз і ЗША адзіныя, стаяць на яго баку ў барацьбе за свабоду і гатовыя аказаць яму адчувальную і значную падтрымку ў дасягненні гэтай мэты», — заявілі амерыканскія сенатары.

Как вам новость?
Головоломки