Севярынец: Дзярждэп ЗША аб'ектыўна ацаніў рэлігійную сітуацыю ў Беларусі

18.11.2010 12:47
Архив

Большая частка інфармацыі ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартаменту ЗША аб сітуацыі са свабодай рэлігіі, апублікаваным 17 лістапада, адпавядае рэчаіснасці і аб'ектыўна ацэньвае сітуацыю ў Беларусі. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец. Ён падзяляе думку амерыканскіх экспертаў пра тое, што свабоды веравызнання ў Беларусі няма.

«Нягледзячы на ўсе заявы ўладаў, што ў нас талерантнасць, і няма міжрэлігійных канфліктаў, у нас ёсць глабальны канфлікт паміж хрысціянамі і бязбожнай уладай. У рэальнасці цяперашняя ўлада застаецца спадчынніцай камуністычнай улады, якая разглядала царкву і вернікаў як ворагаў. Таму ні аб якой свабодзе веравызнання ў Беларусі казаць не выпадае», — падкрэсліў Павел Севярынец.

У сваю чаргу рэдактарка «Беларускага партала Царква» Наталля Васілевіч лічыць, што Дзярждэпартамент ЗША ў сваім дакладзе, завастраючы увагу на праблеме дзейнага заканадаўства, «традыцыйна не зусім правільна ставіць акцэнты». «Бо гэты закон абмяжоўвае дзейнасць усіх рэлігійных арганізацый, у тым ліку і Беларускай праваслаўнай царквы. Мне здаецца, не зусім карэктна будзе казаць, што абмяжоўваюцца правы толькі нейкіх нетрадыцыйных канфесій», — заявіла Наталля Васілевіч.

Паводле яе слоў, «паміж вышэйшымі іерархамі каталіцкай і праваслаўнай царквы існуюць пэўныя дамоўленасці, якія ствараюць ілюзію таго, што правы гэтых буйных канфесій не парушаюцца». Аднак, адзначыла Наталля Васілевіч, на практыцы абмежаванні заканадаўства дзейнічаюць абсалютна для ўсіх, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Сяргей Луканін, юрыст царквы «Новае жыццё», якая таксама фігуруе ў дакладзе Дзярждэпартаменту ЗША ў якасці прыкладу арганізацый, дзейнасць якіх беларускія ўлады абмяжоўваюць, заявіў, што царква згодная з выкладзенымі фактамі.

Луканін: у Беларусі ўшчамляюцца ўсе канфесіі

«На жаль, не першы год публікуюцца такія справаздачы, і не першы год у падобным кантэксце згадваецца і нашая царква «Новае жыццё». Згодны таксама, што падобнае становішча тычыцца не толькі нашай царквы або евангельскіх цэркваў у Беларусі. Ад уладаў дастаецца і каталікам, і праваслаўным. Калі казаць пра канкрэтыку, то варта канстатаваць, што ў нашай краіне амаль не магчыма або вельмі складана зарэгістраваць рэлігійную суполку. І гэта эфектыўная мера з боку ўладаў, каб не адмаўляць вернікам наўпрост і паспяхова кантраляваць колькасць рэлігійных суполак у Беларусі», — заявіў Сяргей Луканін.

Разам з тым, варта адзначыць, што, прадстаўляючы гэты даклад, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан падкрэсліла, што ЗША «не выступае такім чынам у якасці суддзі для іншых краінаў і не выстаўляе сябе ў якасці ідэальнага прыкладу». Па словах Хілары Клінтан, ЗША проста «клапоціцца аб свабодзе веравызнання ва ўсім свеце».

Як раней перадаваў Тэлеграф, у штогадовым дакладзе аб сітуацыі са свабодай рэлігіі ў свеце Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што ўлады Беларусі абмяжоўваюць свабоду веравызнання. Па меркаванні амерыканскіх экспертаў, у Беларусі Беларуская праваслаўная царква мае прывілеяванае становішча, а дзейнасць іншых рэлігійных арганізацый улады, так ці інакш, абмяжоўваюць.