Севярынец: Мілінкевіч баіцца прайграць праймерыз па выбарах адзінага кандыдата

04.05.2010 11:37
Архив Редакция

Аляксандр Мілінкевіч баіцца прайграць праймерыз "Беларускага незалежніцкага блоку" па выбарах адзінага кандыдата ў прэзідэнты прэтэндэнту на гэты пост ад БХД Віталю Рымашэўскаму. Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэта па ўстварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец.

«Паглядзеўшы на мясцовыя выбары, мы адзначылі, што БХД правяла сапраўды моцную агульнанацыянальную кампанію. Рух «За Свабоду», пры ўсёй павазе да іх, гэтага зрабіць не змог», — цытуе палітыка БелаПАН. Павел Севярынец таксама выказаў «шчырае здзіўленне» выказваннямі Аляксандра Мілінкевіча адносна БХД.

Нагадаем, што прэзентуючы трэцяга траўня свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, Аляксандр Мілінкевіч сказаў: «І ў нас у «Беларускім незалежніцкім блоку» ёсць сур’ёзныя дыскусіі. БХД у апошні час усё больш кажа, што нам не трэба ісці ў Еўропу. Кажуць пра тое, што там не вельмі добра з маральнымі каштоўнасцямі, не вельмі добры стан хрысціянскай веры, і яны кажуць, што нам трэба быць нейтральнай краінай. Я не веру ў тое, што мы можам пабудаваць нейтральную краіну, па прыкладзе Нарвегіі ці Швейцарыі», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Па словах Паўла Севярынца, далучэнне Беларусі да Еўрапейскага Саюза ўваходзіць у праграму БХД. Акрамя таго, нядаўна БХД падала заяўку на ўступ у Еўрапейскую народную партыю. «Мы патрабуем ад Аляксандра Мілінкевіча публічнага аспрэчання ягоных слоў адносна БХД», — заявіў палітык.

Как вам новость?
Головоломки