Севярынец: Мілінкевіч перакупае людзей з БХД

08.06.2010 14:31
Архив Редакция

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Павел Севярынец заявіў, што Рух "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча перакупляе людзей з ініцыятыўнай групы сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага. "Сябрам БХД прапануюць грошы за тое, каб перайсці ў ініцыятыўную групу Мілінкевіча і збіраць подпісы за вылучэнне яго кандыдатуры ў прэзідэнты", — сказаў палітык.

Павал Севярынец паведаміў, што сустрэча кіраўніцтва Руху «За Свабоду» з кіраўніцтвам БХД у фармаце «чатыры на чатыры», якая адбылася 22 траўня,  каб усё-ткі знайсці паразуменне ў рамках «Беларускага незалежніцкага блока» (БНБ) з мэтай яднання камандаў не знайшла водгуку з боку Руху «За Свабоду».

«На мой погляд, кіраўніцтва Руху «За Свабоду» замест таго, каб дамаўляцца з БХД, вырашыла купіць нашых актывістаў на мясцовым узроўні. У рэгіёнах нашым актывістам на самой справе пачалі тэлефанаваць і прапаноўваць грошы, каб працаваць на Мілінкевіча», — сказаў сустаршыня БХД , паведамляе Euramost.org.

Павал Севярынец адзначыў, што сам асабіста тэлефанаваў вярбоўшчыкам і папярэджваў, што «ў нас пакуль ідуць перамовы». «Да таго часу, пакуль не дамовімся, давайце пакінем гэтае пытанне ў спакоі. Але літаральна тры дні таму адзін з актывістаў паведаміў, што людзі Мілінкевіча прапаноўвалі яму 100 даляраў за збор подпісаў. Пры гэтым казалі, што пра гэта не павінны ведаць у БХД», — распавёў апазіцыйны палітык.

«Пачалі праводзіць уласнае расследаванне, высветлілі, што такая схема працавала і ў іншых месцах, — падкрэсліў Павал Севярынец. — Пасля чаго і было зроблена заява. А на гэтым тыдні пытанне будзе пастаўлена і разгледжана на паседжанні БНБ. Калі Рух «За Свабоду» заявіць, што гэта была нечая прыватная ініцыятыва, і яны не будуць больш гэтым займацца, то дзякуй Богу. Калі не…»

Пры гэтым Павал Севярынец заўважыў, што сам па сабе пераход апазыцыйных актывістаў у іншыя структуры з’яўляецца нармальным працэсам. Але перекупка не прымальная, падкрэсліў ён. «Хоць сам працэс стары, як свет. Яшчэ персы куплялі за золата кааліцыю ў старажытных грэкаў. У жыцці ўсялякае бывае, але гэта не сумленна. А ў БХД — людзі ідэйныя. Ці зможам мы дамовіцца з рухам Мілінкевіча? Гэта магчыма, калі мы ўбачым іх жаданне весці пераможную кампанію. Мы не жадаем працаваць на кандыдата, які не хоча перамагчы», — падсумаваў сустаршыня БХД.

Как вам новость?
Головоломки