Севярынец піша ў СІЗА КДБ кнігу пра Беларусь

12.01.2011 13:13
Архив Редакция

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Павал Севярынец, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, трымаецца спакойна, моліцца і піша кнігу пра Беларусь. Пра гэта распавёў намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Алег Корбан, які сядзеў разам з ім у камеры і на днях быў выпушчаны з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Маці Паўла Севярынца, віцебскі каардынатар БХД Таццяна Севярынец, якая пакуль так і не змагла дамагчыся сустрэчы з сынам, распавядае, што «свежых навін мала». «Ведаю толькі, што з Паўлам некаторы час у адной камеры сядзеў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе Алег Корбан. Учора я стэлефанавалася з Алегам. Ён распавёў, што Паша трымаецца спакойна, распавядае сукамернікам аб біблейскіх запаведзях і хрысціянскай дэмакратыі, піша кнігу, моліцца. Адвакат з ім так пакуль зноў і не сустрэўся».
 
Па словах Таццяны Севярынец, яе сыну ў СІЗА перадалі некалькі перадач. «Першую перадачу ён атрымаў дакладна, радаваўся, быў вельмі ўдзячны. У той час у камеры ў кагосьці знайшлася Біблія, якую адразу перадалі Паўлу. А наогул ён не вельмі патрабавальны да ўмоваў, галоўнае, каб была асадка, папера і Біблія», — распавяла маці палітыка, паведамілі ў БХД.
 
Таццяна Севярынец таксама атрымала пісьмовы адказ кіраўніка следчай групы з нагоды сваёй просьбы аб сустрэчы з сынам: «Следчы мне адмовіў, бо лічыць такую сустрэчу «немэтазгоднай». Гэта рашэнне я збіраюся абскардзіць у Генпракуратуры, бо тое, што робіцца, гэта проста дзікунства…», — адзначыла Таццяна Яўгенаўна.
 
Як ужо перадаваў Тэлеграф, сустаршыня БХД Павел Севярынец, які быў кіраўніком выбарчага штаба кандыдата ад БХД Віталя Рымашэўскага, быў арыштаваны вечарам 19 снежня і з’яўляецца адным з абвінавачаных у рамках расследавання крымінальнай справы, узбуджанай па ч.1, 2 арт.293 Крымінальнага кодэксу Беларусі (масавыя беспарадкі).

Как вам новость?
Головоломки