Шаўцоў: Лукашэнка збірае кансорцыум краін-нафтаздабывальнікаў

08.10.2010 11:33
Архив Редакция

Беларускі палітолаг Юры Шаўцоў мяркуе, што цяпер складаецца кансорцыум ў складзе некалькіх нафтаздабываючых і транзітных краін для паслаблення энергетычнай залежнасці Беларусі ад Расіі. У кастрычніку прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер правесці адразу некалькі нафтагазавых самітаў, прысвечаных альтэрнатыўным пастаўкам нафты і газу ва Усходнюю Еўропу.

На сустрэчы з рэгіянальнымі журналістамі з РФ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь працуе з Украінай над праектам будаўніцтва рэгазіфікацыйнага тэрміналу ў Адэсе. У Кіеве гэтую інфармацыю не абвяргаюць, але і не афішуюць. Тэрмінал у Адэсе, які, як чакаецца, зможа прымаць танкеры са звадкаваным прыродным газам з Азербайджана праз Грузію — толькі адна са спроб паслабіць энэргазалежнасць Беларусі ад РФ, заявіў Юры Шаўцоў, перадае «Росбалт».

Па словах эксперта, размова таксама можа ісці аб пастаўках газу з Катара, Венесуэлы, Ірана і, можа быць, з іншых краін. І не толькі для патрэбаў Беларусі. «Перамовы з Катарам зайшлі даволі далёка, — паведаміў Юры Шаўцоў. — Аб’яўлялася аб магчымай буйной дыпламатычнай сустрэчы, якая тычыцца газу, у кастрычніку ў Дамаску: Беларусь-Сірыя-Катар. Так, пад катарскі газ шмат у чым разлічаны праект буйнога тэрмінала ў Клайпедзе на 8-10 млрд. кубаметраў газу, перамовы аб якім ідуць поўным ходам. Беларусь таксама атрымала газавыя радовішчы ў Венесуэле і рыхтуецца пачаць здабычу газу там».

«Акрамя таго, Беларусь атрымлівала прапановы пачаць здабычу газу ў Іране дадаткова да ўжо распачатай здабычы нафты ў гэтай краіне, — дадаў Юры Шаўцоў. — Лукашэнка павінен ўрачыста адкрыць беларускую здабычу нафты на радовішчы Джафеір падчас свайго візіту ў Іран, які намячаецца на кастрычнік. Напэўна газавая тэма ў нейкай форме будзе абмяркоўвацца і ў Іране. Хутчэй за ўсё, пад выкарыстанне тэрыторыі Сірыі, Турцыі і Іраку для яго транспарціроўкі ў Еўропу і, магчыма, пад нейкую складаную схему з удзелам Катара і Венесуэлы. Чавес таксама ў кастрычніку павінен наведаць Іран».

На думку эксперта, цяпер ствараецца свайго роду кансорцыум ў складзе некалькіх краін, якія змогуць не толькі паставіць газ у Адэсу і пабудаваць там тэрмінал для Беларусі, але і забяспечыць пастаўкі газу ў вялікіх маштабах праз Адэсу на Украіну і ў Еўропу ў цэлым.

Как вам новость?