Шапіра: супрацоўнікі апарата перастараліся з распараджэннем аб камандзіроўках

11.01.2011 15:42
Архив Редакция

Кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра пракаментаваў прыняцце распараджэння № 227р "Аб парадку выезду ў службовую камандзіроўку за мяжу", згодна з якім чыноўнікі павінны атрымліваць дазвол пры выездзе за мяжу. Наяўнасць у распараджэнні фармулёўкі «незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці і формы ўласнасці» кіраўнік вобласці патлумачыў тым, што супрацоўнікі апарата аблвыканкама перастараліся.

Па словах чыноўніка, яго распараджэнне тычыцца толькі тых кіраўнікоў, якія працуюць на дзяржслужбе і атрымліваюць зарплату з бюджэту, перадае «Камсамольская праўда ў Беларусі».

«Маё рашэнне тычыцца толькі тых, хто працуе на дзяржслужбе, кіраўнікоў ВНУ, устаноў культуры, аховы здароўя, дырэктараў прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці, гэта значыць тых, хто атрымлівае заробак з бюджэту», — растлумачыў сітуацыю гарадзенскі губернатар.

«Акрамя таго, ёсць спіс з 47 акцыянерных таварыстваў, у якіх вялікая доля дзяржавы, напрыклад, Гроднахімвалакно, шклозавод «Нёман» і гэтак далей. Вось у нас усё снегам замяло, а дырэктар прадпрыемства з’ехаў за мяжу. Трэба спачатку ў сябе парадак навесці, а потым ехаць у камандзіроўку», — лічыць Сямён Шапіра.

Акрамя таго, па словах чыноўніка, на гэтых прадпрыемствах, як правіла, працуе шмат людзей, і ён, як кіраўнік вобласці, павінен ведаць, дзе знаходзяцца кіраўнікі прадпрыемстваў. «Прыватных фірмаў гэта не датычыцца! Дарэчы, у нас у рэгіёне больш за шэсць тысяч прадпрыемстваў. Уяўляеце, колькі трэба чыноўнікаў, каб разгледзець усе заявы на камандзіроўкі?!», — задаўся пытаннем губернатар Гарадзенскай вобласці.

Праваабаронцы: распараджэнне замахваецца на канстытуцыйнае права грамадзян

У сваю чаргу праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што дадзенае распараджэнне замахваецца на канстытуцыйнае права грамадзян на свабоду перамяшчэння, а таксама супярэчыць палажэнням Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога далучылася Беларусь, паведамляе «n#####n».

Праваабаронца лічыць гэта спробай устанаўлення татальнага кантролю за любымі працэсамі ў рэгіёне. «У дачыненні да прыватных арганізацый такія меры былі б проста непрымальнымі і незаконнымі», — лічыць Гары Паганяйла.

Как вам новость?
Головоломки