Шарамет: заява аб "замаху" на Лукашэнку — фальшыўка спецслужбаў Беларусі

14.09.2010 17:20
Архив Редакция

Расійскі журналіст Павел Шарамет лічыць, што інтэрнэт-зварот нібыта былога афіцэра расійскага ФСБ аб магчымым замаху на дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з'яўляецца "фальшыўкай беларускіх спецслужбаў". Па словах журналіста, у тэксце звароту вельмі шмат нестыковак і адкрытага глупства.

«Напрыклад, заява аб тым, што ў дзяржкарпарацыі «Растэхналогіі» сабрана група з афіцэраў шматлікіх спецслужбаў, там пералічаныя ўсе — і жук, і жаба. Акрамя таго, дзяржкарпарацыя названая не выпадкова, гэта праява стэрэатыповага мыслення аўтараў гэтай фальшыўкі. Бо вядома, што у «Растэхналогіі» дарадцам працуе былы міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў, таму карпарацыю і зрабілі цэнтрам перавароту. Гэта проста смешна», — заявіў Павел Шарамет.

Акрамя таго, журналіст лічыць, што ў тэксце заявы шмат момантаў, якія мог бы напісаць толькі беларус: згадка пра свята ўраджаю, пра прэзідэнцкія выбары і вялікую колькасць мерапрыемстваў. «Я да гэтага часу сутыкаюся з тым, што ў Расіі нават палітолагі толкам не ведаюць пра найбліжэйшыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Тым больш ніхто не думае пра сцэнары гэтых выбараў, пакуль не абвешчаная іх дата. «Дажынкі» ці свята ўраджаю, як яно названа ў тэксце, наогул цікавіць выключна беларусаў», — растлумачыў Павел Шарамет.

Акрамя таго, журналіст лічыць, што дату правядзення «Дажынак» улады перанеслі невыпадкова. «Вядома, што найбліжэйшы асяродак Лукашэнкі цяпер актыўна яго запалохвае пагрозай забойства або тэракту. Камусьці вельмі хочацца на падставе міфічных пагрозаў адмяніць або адкласці прэзідэнцкія выбары. Відэазварот нібыта афіцэра ФСБ — чарговае звяно ў ланцугу правакацыяў з боку беларускіх спецслужбаў», — заявіў расійскі журналіст.

Павел Шарамет упэўнены, што любы іншы варыянт, акрамя своечасовага правядзення прэзідэнцкіх выбараў, зробіць Аляксандра Лукашэнку нелегітымнымі кіраўніком і прывядзе яго да хуткай катастрофы, перадае «Беларускі партызан».

Як раней перадаваў Тэлеграф, у відэазапісе, які з’явіўся на інтэрнэт-сэрвісе YouTube, чалавек, які прадставіўся былым супрацоўнікам адной з расійскіх спецслужбаў, заявіў, што прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін аддаў асабісты загад аб фізічнай ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі. Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Расіі Дзмітры Пяскоў заявіў, што дадзены відэазапіс не заслугоўвае каментароў і з’яўляецца праявай «перадвыбарчай шызафрэніі».

Как вам новость?
Головоломки