Шэйман адправіўся ў турнэ па Паўднёвай Амерыцы

03.06.2010 12:18
Архив Редакция

Начальнік упраўлення інфармацыі міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных паведаміў трэцяга чэрвеня, што з 27 траўня па 9 чэрвеня 2010 года праходзіць візіт на Кубу, у Балівію, Венесуэлу і Эквадор дэлегацыі органаў дзяржаўнага кіравання і прадпрыемстваў на чале з памочнікам прэзідэнта Беларусі Віктарам Шэйманам.

Візіт беларускай дэлегацыі на Кубу завяршыўся другога чэрвеня. Падчас сустрэч з кубінскім кіраўніцтвам і кіраўнікамі вядучых кубінскіх знешнегандлёвых кампаній былі разгледжаны перспектывы рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчага і энергетычнага комплексаў Кубы, абмеркаваны далейшыя крокі па стварэнні зборачнай вытворчасці трактароў і сэрвісных цэнтраў па рамонце і абслугоўванні беларускай аўтатрактарнай тэхнікі.

«Беларуская дэлегацыя дасягнула канкрэтных дамоўленасцяў аб пастаўках на Кубу трактароў, запасных частак да аўтобусаў і аўтамабіляў, намечаны новыя напрамкі для актывізацыі гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кубай», — расказаў афіцыйны прадстаўнік МЗС.

Па словах прэс-сакратара, у цяперашні момант дэлегацыя накіроўваецца ў Балівію, потым у Эквадор і далей у Венесуэлу. «У гэтых краінах плануецца разгледзець з зацікаўленымі ведамствамі і кампаніямі магчымыя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, горнаруднай прамысловасці, машынабудаванні, будаўніцтве, а таксама прапрацаваць пытанні паставак свідравальнага абсталявання, аўтатрактарнай тэхнікі, сельскагаспадарчага абсталявання і прадуктаў харчавання», — праінфармаваў Андрэй Савіных.

«Напрыканцы візіту з венесуэльскім бокам будзе абмяркоўвацца рэалізацыя праектаў па стварэнні зборачных вытворчасцяў аўтатрактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, газіфікацыі гарадоў і населеных пунктаў. У рамках праграмы сустрэч беларуская дэлегацыя плануе таксама абмеркаваць перспектывы паставак на венесуэльскі рынак прадукцыі машынабудаўнічага і аграпрамысловага комплексаў», — паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі МЗС.

Как вам новость?
Головоломки