Шумчанка: бізнэсу замінае няяснасць ў Мытным саюзе

08.07.2010 10:53
Архив Редакция

Старшыня рады РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка сёмага ліпеня 2010 года накіраваў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. У гэтым лісце прадпрымальніцкі лідар выказаў заклапочанасць ходам інтэграцыйнага працэсу ў рамках стварэння Мытнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана і адсутнасцю ў ім яснасці.

Па словах Анатоля Шумчанкі нягледзячы на тое, што агульны для трох краінаў Мытны кодэкс ужо ўступіў у сілу, у цяперашні час Мытны саюз не дазваляе прадпрымальнікам у поўнай меры скарыстацца яго перавагамі. «Без уніфікацыі мытных пошлінаў і стварэння адзінай мытнай тэрыторыі нельга казаць аб паўнавартасным Мытным саюзе», — заявіў Анатоль Шумчанка.

«Сёння малому бізнэсу патрэбна яснасць у вызначэнні тых умоваў, у якіх будзе ажыццяўляцца прадпрымальніцкая дзейнасць у найбліжэйшай будучыні, гарантыі захавання і, па меншай меры, не пагаршэння існуючых умоў вядзення бізнэсу. Таму не менш важным, чым ўлік інтарэсаў буйнога бізнэсу лічым наданне належнай ўвагі інтарэсам шараговых прадпрымальнікаў», — дадаў старшыня рады «Перспектывы».

Кіраўніцтва аб’яднання перакананае, што канструктыўны інтэграцыйны працэс павінен грунтавацца «на прынцыпах законнасці і раўнапраўя ўдзельнікаў Мытнага саюза, абароны нацыянальных інтарэсаў, справядлівасці, узаемнага ўліку інтарэсаў бакоў, у тым ліку і інтарэсаў беларускага бізнэсу».

Паводле ацэнак экспертаў, Беларусь і Казахстан ад стварэння Мытнага саюза могуць атрымаць прыбытак па 16 млрд. даляраў, а Расія — 400 млрд. даляраў. Для Беларусі гэта можа стаць сур’ёзным фактарам умацавання эканомікі і важнай перадумовай яе росту. Гэта значна падвысіць пакупальніцкую здольнасць насельніцтва, павялічыць ёмістасць унутранага рынку і створыць дадатковыя магчымасці развіцця малога бізнэсу, суб’екты якога ў асноўным, ажыццяўляюць дзейнасць у сферы раздробнага гандлю. У выпадку незадзейнічання патэнцыялу Мытнага саюза для Беларусі існуе небяспека зніжэння пакупальніцкай здольнасці насельніцтва, зніжэння даходаў суб’ектаў прадпрымальніцтва, павышэння падаткаў, дэфіцыту бюджэту, павелічэння знешняга доўгу краіны, лічаць прадпрымальнікі.

«Вяртанне на шлях ўзаемавыгаднай інтэграцыі Расіі, Беларусі і Казахстана сёння — гарантыя дынамічнага развіцця эканомікі нашай краіны, далейшага развіцця малога бізнэсу, які сёння мае патрэбу ў дадатковай падтрымцы, упэўненасці ў намерах дзяржавы праводзіць паслядоўную палітыку, накіраваную на фармаванне спрыяльнага дзелавога клімату», — сказаў Анатоль Шумчанка.

Как вам новость?
Головоломки