Шумчанка: некалькі валютных курсаў не выратуюць малы бізнэс

19.04.2011 17:28
Архив Редакция

Нават калі Нацыянальны банк Беларусі легалізуе "ценявы" курс рубля і забяспечыць валютай па гэтым курсе міжбанкавы рынак, гэта не выратуе індывідуальных прадпрымальнікаў, лічыць старшыня грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. Паводле яго слоў, купляць валюту на біржы будуць мець права толькі юрыдычныя асобы, у той час як прадпрымальнікі — асобы фізічныя, і набываць валюту яны могуць толькі ў абменніках.

«Я прагназую, што праблемы з валютай не вырашацца ў бліжэйшы месяц, як мінімум, — кажа Анатоль Шумчанка. — І прадпрымальнікам будзе вельмі цяжка. Бо ім давядзецца дзесці шукаць валюту. І я не выключаю стварэння нейкага «ценявога» рынка валютнага ў бліжэйшы час. Хто ў яго будзе ўцягнуты? Перш за ўсё, суб’екты гаспадарання. Прычым вельмі рознага ўзроўню».

Па словах эксперта, нават чаканы расійскі крэдыт памерам у тры мільярды даляраў не выратуе сітуацыю. «Перш за ўсё, праз тое што, па афіцыйных звестках, «вырашаць пытанні з ім» будуць на працягу месяца. Да таго ж, яго наўрад ці дадуць цалкам — могуць выдаваць траншамі», — цытуе прадпрымальніка «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Гаворачы аб магчымай дэвальвацыі, старшыня «Перспектывы» заявіў, што дэ факта яна ўжо адбылася. Цэны на прадукты харчавання і іншыя тавары выраслі: гандляры курс ужо «пералічылі», адзначыў Анатоль Шумчанка. Па словах эксперта, улады цяпер могуць правесці «вымушаную» дэвальвацыю, абвінаваціўшы ў яе правядзенні прадпрымальнікаў.

«Я не выключаю такога варыянту падзеяў, калі ўсё будзе абстаўлена такім чынам, што будзе ўсё звалена на прадпрымальнікаў — дробных, сярэдніх, буйных. Маўляў: «Паглядзіце, мы курс трымалі, а яны дэвальвацыю зрабілі, яны ўсё пералічылі, гэта яны ўсё абвалілі!». Але ўсе цэннікі на прадукты харчавання і іншыя тавары пералічваюцца ў гіпермаркетах і крамах. А менавіта прадпрымальнікі не «лупяць» такіх коштаў. Яны пералічваюць па 3300, максімум — па 3500, у той час як тыя ж гіпермаркеты робяць пералік па 3700 і вышэй», — сказаў Анатоль Шумчанка, дадаўшы, што менавіта яны «вельмі цесна звязаныя з дзяржавай».

Как вам новость?
Головоломки