Шумчанка: прадпрымальнікі не дадуць чыноўнікам сказіць Дырэктыву № 4

03.01.2011 16:32
Архив Редакция

Лідар Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка заявіў, што чаканні малога бізнэсу аб патэнцыйнай лібералізацыі эканомікі Беларусі, звязаныя з прыняццем Дырэктывы № 4, у поўнай меры не апраўдаліся. Тым не менш, па словах лідара аб'яднання, прадпрымальнікі будуць змагацца за тое, што чыноўнікі "не перакруцілі праграмны дакумент" і тое, чаго ўдалося дамагчыся бізнэс-супольнасці.

«Добрых і правільных слоў у дырэктыве сказана нямала. І мы будзем змагацца за кожны пункт, кожную коску, каб не дазволіць чыноўнікам сказіць дадзены праграмны дакумент. Менавіта гэта і ёсць галоўная задача: змяніць падыход улады да бізнэсу і напоўніць абяцаную падтрымку рэальнымі справамі», — заявіў Анатоль Шумчанка.

«Падобных заяваў пра лібералізацыю мы чулі ўжо шмат. Можа, падобных дакументаў не было, але слоў сказана дастаткова. З аднаго боку, нядрэнна, што прадпрымальнікам надаецца такая ўвага і нават прысвячаюць цэлую дырэктыву. Але, з іншага боку, перад падпісаннем дырэктывы, для таго, каб надаць упэўненасці гэтаму дакументу, чамусьці не было праведзена нават элементарных лібералізацыйных крокаў», — заявіў лідар РГА «Перспектыва».

«Павялічваюцца падаткі, не вернутыя кіёскі. Няма звароту наёмных асобаў. Нават у дырэктыве. Мы чакалі, што прыбяруць гэтую норму. Чаму ў такім ліберальным дакуменце не адменена такая ганебная норма ў дачыненні да бізнэсу, і шмат іншых рэчаў?» — сказаў лідар РГА «Перспектыва».

Па словах Анатоля Шумчанкі, нават прапісаныя ў дырэктыве палажэнні, накіраваныя на лібералізацыю і закліканыя палегчыць жыццё прадпрымальнікаў, выклікаюць скепсіс, перадае «Салiдарнасць».

Шумчанка: падыходы ІП і дзяржавы моцна адрозніваюцца

«Напісаць прыгожа можна заўсёды. Галоўнае — якія законы будуць прынятыя на падставе гэтай дырэктывы. Ніякіх чаканняў у гэтым плане ў нас няма. Бо погляды і падыходы ў прадпрымальнікаў і дзяржавы моцна адрозніваюцца», — падкрэсліў кіраўнік РГА «Перспектыва».

У якасці прыкладу Анатоль ШЩумчанка прывёў палажэнне аб забароне канфіскацыі «маёмасці ў суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія з’яўляюцца яго добрасумленнымі набытчыкамі». «Прадпрымальнік вязе тавар без дакументаў. Ён не скраў яго і, здавалася б, не яго праблемы, што там, дзе ён набыў гэты тавар, не могуць выдаць дакумент. Але з пункту гледжання дзяржавы гэты прадпрымальнік можа апынуцца тым самым нядобрасумленным набытчыкам, раз у яго няма дакументаў. Значыць, ён не падпадае пад гэтую дырэктыву. Так можна трактаваць любы пункт», — лічыць лідар РГА «Перспектыва».

Анатоль Шумчанка перакананы, што менавіта магчымасць кантралюючых дзяржорганаў па-рознаму трактаваць закон з’яўляецца асноўнай перашкодай на шляху да рэалізацыі дырэктывы і, як следства, лібералізацыі эканомікі. У той жа час, па словах прадпрымальніцкага лідара, ІП рады падпісанню дырэктывы.

«Гэта своеасаблівы вынік дзейнасці грамадскіх структур у тым ліку і «Перспектывы». Мы ж памятаем намер прэзідэнта паціснуць руку апошняму прадпрымальніку. І, вядома ж, гэта вялікі плюс, што дзяржава хоць бы ў думках ўсведамляе ролю малога бізнэсу. Мы ішлі да гэтага шмат гадоў. Цяпер, калі дырэктыва прынятая, не менш прыйдзецца чакаць яе выканання. А тое, як чыноўнікі ўмеюць сказіць і перафармуляваць, мы ведаем вельмі добра. Таму працы ў нас яшчэ вельмі шмат», — заявіў лідар грамадскага аб’яднання.

Як раней перадаваў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 снежня падпісаў Дырэктыву № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Дакумент накіраваны на «далейшую лібералізацыю эканомікі, разняволенне дзелавой ініцыятывы і творчага патэнцыялу грамадзян».

Как вам новость?