Шушкевіч: беларускія ўлады "азвярэлі"

10.01.2011 13:31
Архив Редакция

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў, што 19 снежня беларускія апазіцыйныя сілы перамаглі. "Наша кіраўніцтва азвярэла і ўжыло грубую фізічную сілу, у выніку чаго за кратамі апынулася больш за 600 чалавек. Гэта агонія ўлады, і мы б хацелі, каб нас правільна разумелі паўсюль", — адзначыў ён на прэс-канферэнцыі 6 студзеня ў Вільні.

Палітык таксама выказаў надзею, што Еўропа не будзе прама ці ўскосна падтрымліваць кіруючы рэжым. Між тым, як перадае DELFI, кіраўнік парламенцкага камітэту Сойму Літвы па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс правёў паралель паміж падзеямі ў Мінску мінулага года і падзеямі 13 студзеня 1991, калі ад рук савецкіх сілавікоў загінула 15 чалавек. Ён таксама выказаў надзею, што наступным лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стане прадстаўнік Беларусі.

У сваю чаргу дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева Ева заявіла, што ў Беларусі «без абвяшчэння ваеннага становішча адбываецца масавая хваля тэрору». Яна лічыць, што выхад на вуліцу быў адзінай магчымасцю паказаць уладам, што «беларусы існуюць». «Няма ніякай магчымасці дамагчыся справядлівасці ў Беларусі, таму мы звяртаемся па дапамогу да Еўропы», — адзначыла Ева Някляева.

Казулін: нікому не дазволена таптаць свой народ

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года Аляксандр Казулін, таксама прысутнічаў на канферэнцыі, падкрэсліў, што разгон апазіцыі быў загадзя спланаванай акцыяй. «Калі Лукашэнка ўбачыў, што ўвесь праспект Незалежнасці запоўнены людзьмі розных пакаленняў, то зразумеў, што краіна галасуе супраць яго, і ён даў каманду знішчаць ўсіх. Кожны, хто выйшаў на плошчу, быў асабістым ворагам Лукашэнкі. Сваю лютасць ён выліваў на кожнага грамадзяніна. Як кіраўнік, які называе сябе «бацькам», можа так называцца?», — адзначыў палітык.

На яго думку, нават калі за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 80% выбаршчыкаў, 20% — вялікая колькасць людзей, таксама мае права голасу. «Таптаць свой народ нікому не дазволена», — лічыць Аляксандр Казулін.

Між тым, ён заявіў, што дзейны прэзідэнт не можа быць законным кіраўніком дзяржавы, пачынаючы з 1996 года, тое ж, што адбылося 19 снежня — «гэта дзяржаўны пераварот», які выклікаў сур’ёзны раскол у грамадстве. Экс-кандыдат заявіў, што «дыктатура і дыктатар не могуць быць гарантам стабільнасці ў рэгіёне, роўна як дыктатар не можа быць гарантам незалежнасці і суверэнітэту».

Калякін: пераможцы не разганяюць мірных грамадзян

У сваю чаргу каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін паведаміў, што «у краіне адсутнічае рэальны прагрэс на прадмет адпаведнасці стандартам, якія прызнаюцца ў АБСЕ». Паводле яго слоў, афіцыйныя вынікі не адпавядаюць рэальнаму волевыяўленню беларускіх грамадзян праз вялікую колькасць парушэнняў, фальсіфікацый выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, дзяржаўнай прапаганды.

«Лукашэнка не перамог, таму што пераможцы сябе так не вядуць. Чалавек, за якім 4/5 насельніцтва Беларусі, не пускае спецназ на разгон мірных грамадзян», — заявіў Сяргей Калякін, адзначыўшы са спасылкай на дадзеныя exit-poll і вынікі незалежнага назірання, што ў першым туры Аляксандар Лукашэнка не набраў неабходнай колькасці галасоў.

Как вам новость?
Головоломки