Шушкевіч: я не падаў бы руку Лукашэнку ў Вільнюсе

10.03.2010 12:07
Архив Редакция

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч паведаміў, што атрымаў запрашэнне прыехаць у Літву на святкаванне 20-годдзя незалежнасці краіны гэтак жа, як і Аляксандр Лукашэнка. “Гэта права прэзідэнта Літвы, што яна так вырашыла і запрасіла беларускага лідара. Але ў Вільнюсе ў мяне не было б жадання з ім размаўляць і руку яму я ніколі не падаў бы”, — сказаў палітык.

“Былы літоўскі прэзідэнт Валдас Адамкус не запрашаў бы прэзідэнта Беларусі на святкаванне аднаўлення Літвы, — лічыць Станіслаў Шушкевіч. — Але цяпер іншыя часы, іншая палітыка Еўрасаюза ў адносінах да беларускай улады. Паглядзім, да чаго гэта прывядзе“.

Па словах лідара Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі можа быць звязана з жаданнем Літвы развіваць адносіны паміж краінамі-суседзямі. “Аднак мне цяжка сказаць, пражываючы ў Мінску, як на развіццё гэтых адносін глядзяць у Вільнюсе“, — цытуе Euramost.org словы палітыка.

“У сябе дома я бачу, што змен у Беларусі ў галіне правоў чалавека, дэмакратызацыі, законнасці і памяншэння рэпрэсій асабліва не відаць. Я бачу толькі горшы бок. Але, калі хтосьці верыць неакамуністычным запэўненням, дык гэта іх права“, — сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Палітык таксама адзначыў, што акрамя яго на ўрачыстае мерапрыемства ў Літву запрасілі яшчэ трох беларускіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання — Анатоля Вярцінскага, Генадзя Грушавога і Лявонція Зданевіча. “Я добра стаўлюся да такіх запрашэнняў, бо лічу, што гэта ў пэўнай ступені праява салідарнасці з намі. З тымі, хто супрацьстаіць беларускаму рэжыму”, — падкрэсліў Станіслаў Шушкевіч.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі таксама распавёў, што напярэдадні паездкі ў Вільнюс адправіцца ў Варшаву па запрашэнні міністэрства замежных спраў Польшчы, дзе будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі. “Будзе даволі вялікая група беларускіх дэмакратычна арыентаваных палітыкаў. На мой погляд, Еўропа пакуль не зусім разумее, што ў нас адбываецца насамрэч. Ці не жадае разумець“, — рэзюмаваў Станіслаў Шушкевіч.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Аляксандр Лукашэнка адхіліў запрашэнне сваёй літоўскай калегі Далі Грыбаўскайце прыняць удзел у святкаванні з нагоды 20-х угодак аднаўлення незалежнасці Літвы, якія пройдуць 11 сакавіка. Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што дэлегацыю Беларусі ўзначаліць намеснік прэм’ер-міністра Віктар Бура.
 

Как вам новость?
Головоломки