Шушкевіч: ядзерная зброя стала б сродкам шантажу для Лукашэнкі

17.04.2010 12:13
Архив Редакция

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч назваў "публічнай  дэманстрацыяй цемрашальства" заяву Аляксандра Лукашэнкі пра наяўнасць у краіне высокаўзбагачанага ўрану. "Калі б Беларусь у свой час не вывела ядзерную зброю, дык яна стала б для Лукашэнкі сродкам для шантажу", — лічыць палітык.

Станіслаў Шушкевіч таксама не лічыць, што вывад з Беларусі ядзернай зброі на ўмовах «нацыяналістаў», па выразе прэзідэнта, быў «самай жорсткай памылкай», паведамляе сайт кампаніі «Кажы праўду!».

«З пункту гледжання асноў ядзернай фізікі выступ Лукашэнкі перад журналістамі —  гэта недарэчнасць, — адзначыў доктар фізіка-матэматычных навук. — Ён не адрознівае радыёактыўныя адходы ад звычайнага ўрану, ад урану ўзбагачанага, ад урану зброевага. Абсалютна не разбіраючыся ў гэтым пытанні, ён пачынае бэсціць усіх і ўся».

Па словах старшыні БСДГ, у кіраўніка дзяржавы «смяротная  крыўда, што яго не паклікалі ў Вашынгтон на саміт па ядзернай бяспецы». «Лукашэнка жадае прадэманстраваць, што ён у гэтым пытанні разбіраецца. А дэманструе, паўтаруся, цемрашальства», — сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Как вам новость?
Головоломки