Шушкевіч: за імкненне да дэмакратыі ў Беларусі пераследуюць усіх

12.03.2010 10:24
Архив Редакция

Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч напярэдадні візіту ў Літву з нагоды 20-годдзя аднаўлення незалежнасці краіны сустрэўся ў Варшаве з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качынскім. “У Польшчы разумеюць, што рэжым у Беларусі рэпрэсуе не толькі беларускіх палякаў. За вальнадумства і імкненне да дэмакратыі ў Беларусі пераследуюць сёння ўсіх“, — сказаў палітык.

Станіслаў Шушкевіч распавёў, што таксама сустрэўся ў Польшчы з польскім міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім, дэпутатамі Сойма і сената, а таксама дзяржсакратаром канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марыюшам Хандзлікам. “Пасля гэтых сустрэч мы разам з польскім прэзідэнтам выляцелі ў Вільнюс на яго самалёце, і па дарозе мы змаглі пагутарыць сам-насам больш за 40 хвілін“, — цытуе прэс-цэнтр «Хартыі 97» словы палітыка.

“Мы дасягнулі поўнага паразумення. Мяне вельмі пацешыла, што пазіцыя па Беларусі і прэзідэнта, і Сойма, і на дадзены момант нават МЗС Польшчы, стала адзінай. Яны разумеюць, што антыдэмакратызм беларускіх улад не звязаны толькі з палякамі — гэта агульная сітуацыя ў краіне, дзе парушаюцца правы ўсіх грамадзян. Рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе беларускіх палякаў, таму што яны актыўныя, ініцыятыўныя грамадзяне, якія змагаюцца за свае правы і жадаюць ствараць у краіне структуры грамадзянскай супольнасці“, — сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Па прыбыцці ў Літву экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі прыняў удзел у святкаваннях у Сойме Літвы і прэзідэнцкім палацы. Па словах палітыка, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце асабіста запрасіла яго на святочны абед разам з прэзідэнтамі еўрапейскіх краін. “Мне было вельмі прыемна і спадабалася з ёй пагутарыць, і ўбачыць, як яе паважаюць і ў краіне, і калегі з іншых краін Еўропы”, — распавёў Станіслаў Шушкевіч.

Шушкевіч: безадказных крэдытаў Лукашэнку больш даваць ніхто не будзе

Станіслаў Шушкевіч таксама правёў сустрэчы з прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам, прэзідэнтам Эстоніі Тоамасам Хендрыкам Ільвесам, былымі прэзідэнтамі Літвы і Эстоніі Валдасам Адамкусам і Арнольдам Руйтэлем.

”Мы шмат казалі пра сітуацыю ў Беларусі і пра падыходы Еўропы да вырашэння праблемы з дэмакратыяй у нашай краіне. Я не жадаю казаць, як прэзідэнты разумеюць гэту сітуацыю і як збіраюцца дзейнічаць, каб яе выправіць. Не жадаю, каб пра гэта стала вядома раней часу беларускаму рэжыму. Але магу сказаць, што ідэі цікавыя”, — адзначыў палітык.

Станіслаў Шушкевіч падкрэсліў, што прэзідэнты разумеюць, што ніякіх рэальных крокаў па дэмакратызацыі беларускімі ўладамі не зроблена. ”Нікога ні ў чым ужо пераконваць не трэба. Ад гутарак трэба пераходзіць да справы. Магу толькі сказаць, што, як я зразумеў, безадказных крэдытаў Лукашэнку больш даваць ніхто не будзе”, — распавёў палітык.

Што да афіцыйнай беларускай дэлегацыі на чале з віцэ-прэм’ерам Віктарам Бурай, якая паехала ў Вільнюс пасля адмовы наведаць святкаванні Аляксандрам Лукашэнка, дык, па словах Станіслава Шушкевіча, ён іх ”нават не бачыў”. ”З кім яны сустракаліся, і што рабілі ў Літве — незразумела”, — канстатаваў палітык.
 

Как вам новость?