Шувалаў: пытанне пошлінаў на аўто ў Мытным саюзе канчаткова вырашанае

01.07.2010 15:10
Архив Редакция

Першы віцэ-прэм'ер РФ Ігар Шувалаў паведаміў 1 ліпеня, што краіны Мытнага саюза канчаткова дамовіліся па пытанні пошлінаў на ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі. Па яго словах, пасля першага ліпеня ў МС захаваецца вынятак па гэтым пытанні для Беларусі і Казахстана, пра што раней прасілі Мінск і Астана.

«Гэтыя аўтамабілі не змогуць трапляць на рынак РФ. Тыя, хто набывае такія аўтамабілі, грамадзяне Беларусі і Казахстана, толькі ўласнікі гэтых аўтамабіляў змогуць асабіста перасякаць мытную мяжу і наведваць тэрыторыю РФ, але перадаваць іх па даверанасці альбо адчужаць магчыма будзе, толькі выплачваючы адпаведную мытную пошліну», — расказаў Ігар Шувалаў, перадае РИА «Новости».

Акрамя таго, праінфармаваў расійскі віцэ-прэм’ер, у Мытным саюзе мытны кантроль захаваецца ў дачыненні да іншых тавараў, па якіх дзейнічаюць спецыяльныя ахоўныя, кампенсацыйныя і антыдэмпінгавыя працэдуры.

Раней у Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі заяўлялі, што для грамадзянаў нашай краіны пошліны на ўвоз аўтамабіляў захаваюцца на ранейшым узроўні да 2012 года.

У сваю чаргу, намеснік міністра эканамічнага развіцця Расіі Андрэй Сляпнёў заявіў, што нізкія ўвазныя пошліны на аўтамабілі для фізасобаў у Беларусі і Казахстане будуць дзейнічаць не больш за адзін год. У якасці даты іх павышэння да расійскага ўзроўню намеснік кіраўніка МЭР РФ назваў першага ліпеня 2011 года.

Как вам новость?
Головоломки