SIPRI: Беларусь павялічыла ваенныя выдаткі на 17%

02.06.2010 09:14
Архив Редакция

Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблемаў міру (SIPRI) апублікаваў штогадовы даклад SIPRI Yearbook 2010, у якім знайшлі адлюстраванне асноўныя сусветныя тэндэнцыі ў сферы ўзбраення, раззбраення і міжнароднай бяспекі ў свеце. Па дадзеных шведскіх экспертаў, у 2009 годзе Беларусь павялічыла ваенныя выдаткі на 17%.

Па дадзеным паказчыку наша краіна займае чацвёртае месца ў Еўропе. Найбольшы рост ваенных выдаткаў сярод еўрапейскіх краінаў паказалі Кіпр, Турцыя і Македонія — 21%, 18% і 18% адпаведна.

У цэлым жа SIPRI адзначае рост ваенных выдаткаў па ўсім свеце. Лідарам па гэтым паказчыку сталі ЗША, на долю якіх у 2009 годзе прыпала 54% росту сусветных ваенных выдаткаў. У першую пяцёрку таксама ўвайшлі Кітай, Францыя, Вялікабрытанія і Расія.

На вайсковыя мэты ў 2009 годзе ўсе дзяржавы патрацілі больш за 1,5 трлн. даляраў, што на 5,9% больш у параўнанні з 2008 годам і на 49% — з 2000 годам.

«Многія краіны павялічылі ў 2009 годзе дзяржаўныя выдаткі, што стала адной са спосабаў павышэння попыту ў мэтах барацьбы з эканамічным спадам», — адзначыў у камэнтары для прэсы кіраўнік праграмы SIPRI па ваенных расходах Сэм Пэрлі-Фрыман.

«Дадзеныя паказваюць, што ваенныя выдаткі нярэдка з’яўляюцца доўгатэрміновым стратэгічным выбарам многіх буйных і сярэдніх дзяржаў — такіх, як ЗША, Кітай, Расія, Індыя і Бразілія, і гэтага выбару яны прытрымліваюцца нават у цяжкія эканамічныя часы», — канстатаваў аўтар дакладу.

Как вам новость?
Головоломки