Сямашка: Беларусь і Расія блізкія да падпісання дакументаў па АЭС

04.08.2010 14:51
Архив Редакция

Беларусь і Расія блізкія да падпісання пакету дакументаў па будучай беларускай атамнай электрастанцыі. Пра гэта 4 жніўня паведаміў сёння першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. "У жніўні-верасні бакі здымуць усе праблемныя пытанні, і неабходныя дакументы аб супрацоўніцтве, датычныя будучай беларускай АЭС, будуць падпісаныя", — адзначыў намеснік кіраўніка ўрада.

Па словах Уладзіміра Сямашкі, дакументы па будучай АЭС ужо падрыхтаваныя. Што тычыцца міжурадавага пагаднення аб будаўніцтве АЭС, то расійскі бок гэта звязаў з некаторымі іншымі пагадненнямі, расказаў Уладзімір Сямашка, перадае БелТА.

«Там ёсць пытанні, яны не прынцыповыя», — дадаў першы віцэ-прэм’ер. Пры гэтым Уладзімір Сямашка выказаў упэўненасць у тым, што ўсе рознагалоссі будуць знятыя і такое пагадненне блізкае да падпісання. «Думаю, што тут няма вялікіх супярэчнасцяў, мы знойдзем у рэшце рэшт кампраміс і падпішам пагадненне», — сказаў намеснік кіраўніка ўрада. Разам з тым Уладзімір Сямашка не даў поўнай гарантыі таго, што дакументы будуць дакладна падпісаныя.

Сямашка: Беларусь пакуль не плануе ствараць з Расіяй СП па экспарце электраэнергіі з будучай АЭС

Акрамя таго, па словах Уладзіміра Сямашкі, беларускі бок пакуль не плануе ствараць з Расіяй сумеснага прадпрыемства па арганізацыі экспарту электраэнергіі, якую будуць вырабляць на будучай АЭС. «СП мы не мяркуем ствараць. Ёсць плюсы і мінусы ў гэтым плане», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер.

Намеснік кіраўніка ўрада таксама распавёў, што расійскі бок вылучае адной з умоваў падпісання дакументаў па АЭС пытанне стварэння СП па збыце электраэнергіі, якая будзе выпрацоўваць на будучай атамнай станцыі.

У сваю чаргу, беларускі бок прапануе расійскім партнёрам рэалізаваць праект па арганізацыі транзіту электраэнергіі з Казахстана і іншых краін па тэрыторыі Расіі. Па словах Уладзіміра Сямашкі, абмяркоўваюцца таксама магчымасці арганізацыі свопавых паставак электраэнергіі з Казахстана. «Бо не сакрэт, што ў Казахстане кілават-гадзіну можна купіць за цэнт з невялікім, а не за пяць цэнтаў, як у Расіі», — адзначыў першы намеснік прэм’ер-міністра.

Пры гэтым першы віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што «ўсё гэта — перамоўны працэс, у якім беларускі бок імкнецца захаваць і ўласныя інтарэсы, і інтарэсы Расіі».

Как вам новость?
Головоломки