Сямашка: Беларусь зможа выбіраць пастаўшчыкоў паліва для АЭС

07.12.2010 10:47
Архив Редакция

Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 6 снежня на секцыйным пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу заявіў, што ў Беларусі будзе выбар пастаўшчыкоў ядзернага паліва для атамнай электрастанцыі. Першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў цяперашні час Беларусь разглядае Казахстан, Кітай, Расію, Украіну ў якасці патэнцыйных пастаўшчыкоў паліўных элементаў для АЭС.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што цяпер у свеце ідзе дыверсіфікацыя вытворцаў і пастаўшчыкоў ядзернага паліва для АЭС, таму Беларусі не пагражае небяспека трапіць у залежнасць ад Расіі як адзінага пастаўшчыка ядзернага паліва.

Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, будаўніцтва АЭС дазволіць Беларусі вырашыць адразу некалькі задач: дыверсіфікаваць пастаўкі паліва, знізіць кошт энергіі і зменшыць знос асноўных фондаў энергасістэмы краіны, перадае БелТА.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што нават у выпадку двухразовага падаражэння ядзернага паліва сабекошт электраэнергіі, што выпрацоўваецца АЭС, павялічыцца на 10%, паколькі яна не знаходзіцца ў лінейнай залежнасці ад сабекошту паліва, як гэта адбываецца ў выпадку працы цеплаэлектрастанцый.

Азярэц: беларускую АЭС запусцяць у тэрмін нават пры змене інвестара

У сваю чаргу міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц заявіў, што беларускую АЭС ўвядуць у эксплуатацыю ў запланаваныя тэрміны нават у выпадку выбару новага партнёра па будаўніцтву. «Ёсць кампаніі, якія могуць ажыццявіць увод блока не за 60 месяцаў, а за 44-45», — адзначыў міністр.

У цяперашні час Беларусь вядзе перамовы па праекце аб будаўніцтве АЭС з некалькімі кампаніямі, у тым ліку з Францыі, Паўднёвай Карэі і Японіі. У той жа час, па словах міністра энергетыкі, Беларусь не адмаўляецца і ад партнёрства з Расіяй. Галоўнымі фактарамі пры разглядзе варыянтаў супрацоўніцтва міністр энергетыкі назваў надзейнасць, эфектыўнасць і бяспеку будучай станцыі.

Аляксандр Азярэц таксама паведаміў, што заканадаўчая база для развіцця ў Беларусі атамнай энергетыкі таксама ўжо падрыхтавана. «Усё, што трэба, напісана, мы ўжо ведаем, што і як рабіць», — адзначыў міністр энергетыкі. Ён таксама падкрэсліў, што пры вырашэнні пытанняў па АЭС і выбары стратэгічнага партнёра да ўсяго трэба падыходзіць комплексна. Гэта тычыцца як пытання прыцягнення інвестыцый, так і забеспячэння надзейнасці і бяспекі АЭС і выканання стандартаў МАГАТЭ.

Как вам новость?