Сямашка: час прадаваць "Беларуськалі" пакуль не прыйшоў

04.08.2010 14:17
Архив Редакция

Беларусь не спяшаецца прадаваць акцыі РУП "ВА "Беларуськалі". Пра гэта заявіў 4 жніўня першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. Паводле ягоных слоў, для продажу акцыяў пакуль не самы зручны момант.

«Беларуськалі» ў цяперашні момант паспяхова працуе і за кошт свайго прыбытку паспяхова рэалізуе інвестыцыйныя праекты, растлумачыў першы віцэ-прэм’ер Беларусі. Па ягоных словах, магутнасць «Беларуськалія» складае 8 млн. тон на год, а да 2012 года прадпрыемства плануе выйсці на 11-12 млн. тон на год. «У мінулым годзе мы адкрывалі руднік № 5, цяпер мы рэальна ўжо працуем над рудніком № 6», — распавёў Уладзімір Сямашка.

Тым не менш, улады дапускаюць магчымасць продажу пэўнага пакету акцыяў «Беларуськалія» ў будучыні, сказаў першы намеснік беларускага прэм’ера, адзначыўшы, што ёсць шмат ахвочых набыць акцыі прадпрыемства, перадае БелТА.

Акрамя таго, Уладзімір Сямашка праясніў сітуацыю з патэнцыйным продажам акцыяў «Беларуськалія» саўладальніку расійскага «Уралкалия» Сулейману Керымаву. «Гутаркі з Сулейманам Керымавым на гэтую тэму не было, і, я думаю, пакуль і не будзе абмяркоўвацца гэтае пытанне», — заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворчае аб’яднанне «Беларуськалі» ўнеслі ў план прыватызацыі аб’ектаў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, на 2008-2010 гады. Дадзенае рашэнне прадугледжана пастановай Савета міністраў Беларусі № 1062.

Как вам новость?
Головоломки