Сямашка: кожнае прадпрыемства Беларусі павінна ўкараняць інавацыі

05.08.2010 10:33
Архив Редакция

Кожнае прадпрыемства Беларусі павінна мець інавацыйныя і інвестыцыйныя праекты, нешта будаваць, ствараць. Пра гэта заявіў 4 жніўня першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. Віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што практычна ўсё, што запланавана Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця Беларусі, у 2010 годзе будзе выканана.

«За гады рэалізацыі праграмы, якая завяршаецца ў гэтым годзе, у Беларусі стварылі новыя вытворчасці, мадэрнізавалі вытворчыя магутнасці ўжо наяўных прадпрыемстваў, а таксама ўкаранілі новыя тэхналогіі», — адзначыў Уладзімір Сямашка, паведамілі ва ўрадзе.

Спіс інвестпраектаў бягучай пяцігодкі, па словах Уладзіміра Сямашкі, у 2,5 разы большы. «Калі я гляджу па сумах грошай, якія плануюць прадпрыемствы і міністэрствы, то па некаторых напрамках яны таксама на парадак вышэйшыя, як правіла ў тры-чатыры разы», — сказаў першы віцэ-прэм’ер Беларусі.

У цяперашні час рыхтуецца праект Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2011-2015 гады. Згодна з новай праграмай усе беларускія прадпрыемствы павінны ўвайсці ў інавацыйны працэс і мець як мінімум адзін-два інвестыцыйныя праекты, заявіў Уладзімір Сямашка.

Сямашка: беларускай прамысловасці вельмі неабходна новае абсталяванне

Як адзначыў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі, айчыннай прамысловасці вельмі неабходна новае абсталяванне. Па ягоных словах, сярод вытворцаў асабліва высокі попыт на універсальнае абсталяванне. «Да нядаўняга часу мы такія ўстаноўкі куплялі за мяжой — лазерныя, плазменныя, гідраабразіўныя комплексы», — адзначыў Уладзімір Сямашка.

Аднак укараненне інавацыйных тэхналогіяў на беларускіх прадпрыемствах дазволіла асвоіць серыйную вытворчасць дарагога абсталявання. Напрыклад, у дзяржаўным навукова-вытворчым аб’яднанні «Цэнтр» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі асвоілі серыйную вытворчасць комплексаў плазменнай рэзкі.

Акрамя таго, створаны доследны ўзор аўтаматызаванага комплексу гідраабразіўнай рэзкі матэрыялаў. Гэта дазволіць наладзіць з 2011 года выпуск у рэспубліцы закончанага тыпапамернага шэрагу тэхналагічнага абсталявання для рэзкі розных матэрыялаў для ўсіх галінаў народнай гаспадаркі: газавая рэзка, плазменная рэзка, плазменная рэзка ў водным асяроддзі, гідраабразіўная рэзка.

Сямашка: інавацыйныя тэхналогіі спрыяюць імпартазамяшчэнню

Падобныя інавацыі, па словах Уладзіміра Сямашкі, адкрываюць перад прамысловымі прадпрыемствамі новыя магчымасці, дапамагаюць павышаць прадукцыйнасць працы. Акрамя таго, гэта таксама спрыяе імпартазамяшчэнню і нарошчванню экспарту.

«Кожная адзінка такога абсталявання каштуе ад 100 тыс. даляраў да 300 тыс. даляраў», — растлумачыў Уладзімір Сямашка. Па ягоных словах, дадатковыя магчымасці па пашырэнні паставак такога абсталявання на рынкі іншых краінаў з’явяцца ў Беларусі ў рамках Мытнага саюза.

Как вам новость?