Сямашка: Кітай дасць 15 млрд. даляраў "на вельмі выгадных умовах"

30.06.2010 11:50
Архив Редакция

Кітай дасць Беларусі доўгатэрміновы крэдыт у памеры 15 млрд. даляраў "на вельмі выгадных умовах". Пра гэта 30 чэрвеня на сумесным паседжанні дзвюх палат Нацыянальнага сходу заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка. "Гэта надзвычай выгадныя ўмовы, таму што, нарэшце, гэта доўгатэрміновы крэдыт з вялікай адтэрміноўкай плацяжоў", — сказаў намеснік кіраўніка ўрада.

Па словах першага віцэ-прэм’ера, Кітай дае крэдыт на 15-20 гадоў з адтэрміноўкай першага плацяжу на пяць-шэсць гадоў. Пры гэтым Уладзімір Сямашка адзначыў, што часткай крэдыту будуць з’яўляцца дзяржрэсурсы, стаўка па крэдытах якіх складзе 2-3% гадавых, перадае БелаПАН.

Акрамя таго, па словах Уладзіміра Сямашкі, яшчэ адна частка сродкаў будзе прадастаўлена ў выглядзе крэдытаў «Эксімбанка», працэнтная стаўка якіх складзе 5-6%. «Што такое пяць-шэсць гадоў? За гэты тэрмін паспяваеш пабудаваць прадпрыемства, выйсці на праектную магутнасць, яшчэ некаторы час працуеш, i толькі потым наступае час асноўнага пагашэння крэдыту», — канстатаваў выгаду ад кітайскай крэдытнай лініі першы віцэ-прэм’ер.

Разам з гэтым, намеснік кіраўніка ўрада распавёў, што французскі бок нядаўна адкрыў для Беларусі страхавое пакрыццё па крэдытах на 500 млн. еўра. Гэта, па словах Уладзіміра Сямашкі, дазваляе браць крэдыты «на досыць добрых умовах».

Как вам новость?
Головоломки