Сямашка: Расія можа знізіць кошт на газ для Беларусі

10.02.2011 16:41
Архив Редакция

Расійскі бок можа знізіць з 2012 года цану на газ для Беларусі. Пра гэта заявіў у чацвер, 10 лютага, першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на выніковай калегіі міністэрства прамысловасці. "З 1 студзеня 2012 года, магчыма, кошты на газ будуць трохі "прымарожаны", а калі будуць прынятыя пэўныя падыходы, то, можа быць, нават атрымаецца і крыху знізіць кошты", — сказаў ён. 

Намеснік кіраўніка беларускага ўрада таксама паведаміў, што ў хуткім часе сустрэнецца з кіраўніком расійскага газавага холдынгу «Газпром» Аляксеем Мілерам для абмеркавання гэтых пытанняў, перадае БелТА.

«У аўторак мы з Мілерам абмяркуем, якія будуць падыходы, якая будзе формула, як будзе з 2012 года ўтварацца цана», — сказаў Уладзімір Сямашка, яшчэ раз адзначыўшы, што «ў сувязі з гэтым з 1 студзеня 2012 года можна чакаць прыпынення або зніжэння росту цэнаў на газ».

Раней, як ужо паведамляў Тэлеграф, афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў заяўляў, што дамоўленасцяў з нагоды зніжэння кошту на газ для Беларусі ў 2011 годзе няма. Тым не менш, Сяргей Купрыянаў падкрэсліў, што дзейны кантракт дазволіць бакам пазбегнуць праблем з газам у пачатку года.

Как вам новость?
Головоломки