Сямашка: у беларускую эканоміку інвестуюць 34,7 млрд. даляраў

10.11.2010 11:59
Архив Редакция

На працягу наступных пяці гадоў у эканоміку Беларусі плануецца інвеставаць каля 105 трлн. рублёў (34,7 млрд. даляраў). Пра гэта 9 лістапада заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. Такім чынам, аб'ём інвестыцый павялічыцца ў чатыры разы, у параўнанні з інвестыцыямі, прыцягнутымі ў 2006 — 2010 гадах.

Уладзімір Сямашка паведаміў, што аб’ём інвестыцый на прадпрыемствах міністэрства прамысловасці ў наступнай пяцігодцы павінен ўзрасці ў дзесяць разоў. Так, першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што беларускаму машынабудаванню неабходны свой «вялікі завод па вытворчасці чыгуннага ліцця». Таксама ў ліку буйных праектаў павінна стаць будаўніцтва завода па вытворчасці вадкакрысталічных панэляў. «Гэта таксама патрабуе велізарных грошай», — адзначыў Уладзімір Сямашка.

Па ацэнцы ўрада, Мінскі аўтамабільны завод і Мінскі трактарны завод у 2011 — 2015 гадах таксама павінны павялічыць інвеставанне ў сваю вытворчасць прыкладна на адзін мільярд даляраў кожны, перадае БелТА.

Абнаўленне жа асноўных фондаў будзе ажыццяўляцца па ўсіх галінах эканомікі. «Нам трэба назапашваць абаротны капітал і паралельна з гэтым будзем працягваць працэс мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення галін, умацаванне дысцыпліны і парадку», — падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Сямашка: наступная пяцігодка будзе складанай

У той жа час першы віцэ-прэм’ер Беларусі лічыць, што «наступная пяцігодка будзе складанай». Так, штогод тэмпы росту прамысловай вытворчасці не павінны быць ніжэйшыя за 109-110%.

Разам з тым, паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, у цяперашні час на беларускіх прамысловых прадпрыемствах назіраецца паступальная станоўчая дынаміка росту. У якасці прыкладу першы намеснік беларускага прэм’ера прывёў ААТ «МАЗ». У 2009 годзе прадпрыемства знізіла тэмпы вытворчасці амаль напалову, а па выніках дзесяці месяцаў 2010 года ўжо мае 110%. Акрамя таго, па словах Уладзіміра Сямашкі, МАЗ мае станоўчую рэнтабельнасць на ўзроўні 14,8%, сацыяльныя аб’екты прадпрыемства таксама прыведзены ў парадак. Сярэдняя заработная плата ў верасні 2010 года на ААТ «МАЗ» склала каля 1,7 млн. рублёў, а да канца года плануецца павялічыць гэты паказчык да 1,9 млн. рублёў.

Урад і прафсаюзы ў снежні падпішуць генеральнае пагадненне

Разам з тым, урад Беларусі ў пачатку снежня 2010 года плануе падпісаць з рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзамі генеральнае пагадненне на 2011-2012 гады. Праект генеральнага пагаднення ўжо прайшоў ўзаемныя кансультацыі.

Як адзначыў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, галоўнай мэтай дадзенага пагаднення з’яўляецца павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. «А гэта азначае павышэнне грашовых даходаў у цэлым, заработнай платы, пенсійнага забеспячэння і сацыяльнай абароны», — падкрэсліў Андрэй Тур.

Как вам новость?