Сямашка: варыянт РФ па нафтапошлінах — найгоршы для РБ

25.10.2010 09:04
Архив Редакция

Прапанова Расіі па адмене ўвазных пошлінаў на нафту для Беларусі ў абмен на вяртанне пошлінаў на нафтапрадукты з'яўляецца найгоршым варыянтам для Беларусі. Аб гэтым заявіў 22 кастрычніка першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка і дадаў, што гэты варыянт "крыху лепшы за той, што мы маем цяпер".

Уладзімір Сямашка не раскрыў падрабязнасці ходу перамоваў з Расіяй па пастаўках нафты. «Мы пакуль не падпісалі пагадненне, таму што лічым яго несправядлівым», — заявіў першы віцэ-прэм’ер. «Для адзінай эканамічнай прасторы — нонсэнс уводзіць пошліны на галёшы, валёнкі, нафту і нафтапрадукты. Гэта сапраўды несправядліва», — лічыць беларускі чыноўнік, перадае БелаПАН.

«Мы ж амыртызуем заводы, перапрацоўваем нафту і ўсю гэтую ўвазную пошліну павінны аддаць у бюджэт Расіі? — задаўся пытаннем віцэ-прэм’ер. — Нам перапрацоўка нафты дорага дастаецца. У кожны завод мы ўкладаем 150-250 млн. даляраў штогод для іх развіцця».

Па словах Уладзіміра Сямашкі, такія інвестыцыі прывядуць да таго, што ўжо ў 2013 годзе Мазырскі і Наваполацкі НПЗ будуць працаваць з глыбінёй перапрацоўкі 92-93%. «Гэта азначае, што з адной тоны нафты мы будзем атрымліваць 920-930 кілаграмаў светлых нафтапрадуктаў, якія дорага каштуюць», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

«Калі я адрываю ад бюджэту, укладваю грошы, даю заводам ільготы і прэферэнцыі, то чаму я павінен аддаваць гэтую пошліну», — падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

«Калі расійцы паставілі Беларусі такія ўмовы, што пастаўляюць нейкую колькасць нафты бяспошлінна, а ільвіную долю — тры чвэрці — з пошлінай, то якая розніца, дзе цяпер купляць нафту», — дадаў беларускі чыноўнік. Уладзімір Сямашка адзначыў, што, калі нафта была бяспошліннай, Беларусь «адназначна купляла» яе ў Расіі. «Сёння нас паставілі перад альтэрнатывай: купляй ў Азербайджане, Казахстане, Венесуэле, Ратэрдаме. Мы ўбачылі, што там танней», — заявіў першы віцэ-прэм’ер.

Сямашка: мы выжылі ў гэтай сітуацыі з дапамогай Венесуэлы

Пры гэтым Уладзімір Сямашка адзначыў, што венесуэльская нафта, якая цяпер пастаўляецца ў Беларусь, значна якаснейшая за расійскую. Так, пры апрацоўцы расійскай нафты маркі Urls атрымліваецца 30% мазуту, які таннейшы за саму нафту. Венесуэльская ж нафту «Санта Барбара» пры перапрацоўцы дае 7-8% мазуту і значна больш дарагой прадукцыі — бензіну, газы, дызпаліва. «Таму здаровы сэнс, эканоміка кажуць аб тым, што мы павінны перапрацоўваць тое, што выгадна і разумна», — адзначыў Уладзімір Сямашка.

«Мы выжылі ў гэтай сітуацыі з дапамогай Венесуэлы», — лічыць беларускі чыноўнік.

Першы віцэ-прэм’ер паведаміў, што з верасня беларускія НПЗ загружаны на 100% і працуюць рэнтабельна. «У далейшым мы будзем працаваць яшчэ лепш», — лічыць Уладзімір Сямашка.

Цяпер Беларусь купляе нафтапрадукты ў Расіі з выплатай 100% пошліны. З 1 кастрычніка стаўка экспартнай пошліны на светлыя нафтапрадукты складае 191,8 даляра за тону, на цёмныя — 103,3 даляра. Па дадзеных Белстата, за студзень — жнівень сярэдні кошт адной тоны нафтапрадуктаў, куплянай у Расіі, павялічыўся на 78,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Каля дзвюх трацінаў усёй куплянай у Расіі нафты таксама імпартуецца Беларуссю з выплатай 100% пошліны. З 1 кастрычніка стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту складае 266,5 даляра за тону. За студзень — жнівень сярэдні кошт адной тоны расійскай нафты павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 30,5%.

Як раней перадаваў Тэлеграф, пра гатоўнасць Расіі адмовіцца ад экспартных пошлінаў на нафту для Беларусі ў абмен на ўсе пошліны, якія Беларусь будзе атрымліваць ад экспарту сваіх нафтапрадуктаў, заявіў 19 кастрычніка намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў.

«Мы хочам атрымаць (кампенсацыю) ад Беларусі. Пакуль варыянт: пошліна на нафтапрадукты — істотнае (яе) павышэнне з тым, каб яны пералічвалі нам усе экспартныя пошліны на нафтапрадукты, якія будуць вывозіцца з Беларусі. Цяпер (стаўка пошлін на нафтапрадукты) на ўзроўні 55% ад мыта на нафту, гэта значыць мы датуем нафтаперапрацоўку. Мы не хочам даваць гэтыя датацыі беларускім прадпрыемствам», — заявіў Сяргей Шаталаў.

Как вам новость?
Головоломки