Сямашка: ВУП павінен прырастаць штогод на 10%

20.04.2011 16:09
Архив Редакция

ВУП Беларусі ў гэтай пяцігодцы павінен прырастаць кожны год на 10%. Пра гэта 20 красавіка ў Мінску заявіў першы віцэ-прэм'ер краіны Уладзімір Сямашка. "Беларускія вытворцы павінны ствараць канкурэнтаздольны прадукт і ўмець прадаць на знешнім рынку. Такім чынам, будуць нарошчваць ВУП Беларусі", — сказаў ён.

«Гэта не самамэта, гэта патрабаванне жыцця, будзе развівацца наша эканоміка, будуць лепш жыць людзі, наша будучае пакаленне», — цытуе Уладзіміра Сямашку БелТА.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, сёння беларускім вытворцам даводзіцца канкураваць на знешніх рынках «з моцнымі сусветнымі гульцамі». «Мы там павінны выстаяць, замацавацца», — сказаў Уладзімір Сямашка, дадаўшы, што 20 красавіка таксама пабываў на Мінскім трактарным заводзе, дзе яшчэ раз пераканаўся ў добрых экспартных перспектывах гэтага прадпрыемства. «Доля МТЗ на знешнім рынку расце год за годам», — канстатаваў ён.
 
«Беларусь з адкрытай эканомікай можа выжыць, калі зможа купіць энерганосьбіты, сыравіну, зрабіць з гэтай сыравіны, матэрыялаў канкурэнтаздольны прадукт і здолее яго прадаць», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер. Уладзімір Сямашка таксама дадаў, што сёлета Беларусь імпартуе з Расіі 21,7 млн. тон нафты.

Акрамя таго, намеснік кіраўніка ўрада высока адзначыў працу Дзяржстандарту па нарошчванні экспартнага патэнцыялу краіны. «У тым, што наш прадукт рухаецца па ўсім свеце, адзначаецца яго якасць, ёсць вялікая заслуга Дзяржстандарту. Дзяржстандарт прафесійна, сістэмна вядзе сваю работу ў гэтым напрамку», — сказаў Уладзімір Сямашка.

Как вам новость?
Головоломки