Сямашка запрасіў расійскія кампаніі працаваць на беларускіх НПЗ

09.04.2010 09:38
Архив Редакция

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка заявіў, што беларускія НПЗ гатовыя працаваць з расійскімі інвестарамі. "Мы кажам расійскім кампаніям "Лукойл", "Раснафта" і іншым: прыходзьце на "Нафтан". Яны пакуль думаюць", — адзначыў намеснік старшыні ўрада Беларусі.

Уладзімір Сямашка таксама нагадаў пра адно з правіл, якое дзейнічае ў Беларусі для інвестараў, — яны павінны мець сваю сыравіну, а таксама рынкі збыту прадукцыі.

Па словах першага віцэ-прэм’ера, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ўзмоцнена працуюць над падвышэннем глыбіні перапрацоўкі нафты. «У наш час гэты паказчык складае ў Беларусі 70-72%, сусветны ўзровень — 90-92%. ААТ «Нафтан» плануе ў 2013 годзе выйсці на глыбіню перапрацоўкі нафты ў 92-93%», — дадаў Уладзімір Сямашка.

Сямашка: Беларусь падрыхтавала праект дамовы з Расіяй па газе

Намстаршыні беларускага ўрада адзначыў, што Беларусь падрыхтавала праект дамовы з Расіяй пра супрацоўніцтва ў газавай сферы пасля 2011 года. «Дзеянне цяперашняй газавай дамовы скончыцца ў 2011 годзе, і ў нас яшчэ ёсць час», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што ў беларускага боку ёсць адзін базавы прынцып — дасягненне роўнадаходных коштаў на газ. «Нам патрэбны не танны газ, а блізкі па кошце да таго, які маюць расійскія спажыўцы, каб беларускія прадпрыемствы мелі роўныя ўмовы гаспадарання», — растлумачыў намстаршыні.

«Беларусь разлічвае на сінхроннае выйсце з Расіяй на роўнадаходны кошт на газ. Гэты прынцып павінен быць закладзены ў дамову, якую прапануе Беларусь», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка ўрада, дадаўшы, што дамовай ад 2006 года меркавалася выйсце на роўнадаходны кошт на газ да першага студзеня 2011 года, але ў цяперашніх умовах гэта не будзе выканана, паведамляе БелТА.

Уладзімір Сямашка звярнуў увагу, што, «калі расійскі бок успрыме гэты прынцып, мы можам разлічваць на супастаўныя кошты, роўныя ўмовы гаспадарання ў Беларусі і Расіі, дык тады мы гатовыя пайсці на гэту дамову».

«Мы накіравалі прапанову віцэ-прэм’еру Расіі Ігару Сечыну прыехаць у Беларусь, абмеркаваць гэту дамову і прыйсці да кампрамісу. Мяч на іх боку», — рэзюмаваў Уладзімір Сямашка.

Как вам новость?
Головоломки