Сям'я з Мінску вымантачыла ў знаёмых 327 тыс. даляраў

19.04.2011 17:00
Архив Редакция

Праваахоўныя органы Мінску шукаюць махлярку, якая разам са сваім мужам падазраецца ў буйным махлярстве. Па дадзеных аператыўнікаў, сямейная пара за два гады вымантачыла ў сваіх знаёмых каля мільярда рублёў (327 тыс. даляраў). Праваахоўнікам удалося затрымаць толькі кіраўніка сямейства, яму пагражае да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Як адзначыў прэс-афіцэр Кастрычніцкага РУУС Антон Санкевіч, сужэнцы-ашуканцы бралі пазыкі ў знаёмых заўсёды з адным і тым жа тлумачэннем — на будаўніцтва дома. Грошы пазычальнікаў ніколі не вярталі, матывуючы «фінансавымі цяжкасцямі».

Тым часам супрацоўнікі аддзелу крымінальнага вышуку Савецкага РУУС Мінску па падазрэнні ў серыі махлярстваў затрымалі яшчэ аднаго мінчука. 26-гадовы жыхар сталіцы размяшчаў ў інтэрнэце аб’явы пра тое, што можа пазычыць невялікую суму тым, каму трэба. Затым людзей, якія да яго звярталіся, малады чалавек прасіў аказаць невялікую паслугу: дапамагчы аформіць у крэдыт камп’ютарную тэхніку.

«Псіхалагічны прыём быў разлічаны на тое, што чалавеку, які пазычае табе грошай, проста няёмка адмовіць у гэткай невялікай паслузе. Прычым адразу відаць, што аб гэтай паслузе цябе просіць чалавек прыстойны і цяжкасці з дакументамі ў яго сапраўды часовыя. Да таго ж «прыстойны» чалавек клятвенна абяцае пагашаць крэдыт своечасова, а ў доказ плацежаздольнасці з лёгкасцю аплочвае першапачатковы ўнёсак», — распавяла прэс-афіцэрка Савецкага РУУС Вольга Яскевіч. Пасля афармлення крэдыту на іншага чалавека і атрымання дарагой тэхнікі махляр пазычаў чалавеку адносна невялікую суму і знікаў.

«На пачатку сваю невялікую пазыку па загадзя абумоўленых умовах даўжнікі вярталі выплатамі па крэдыце. Калі ж, на іх думку, яны выконвалі ўсе свае абавязацельствы, са здзіўленнем даведваліся, што крэдыт за камп’ютарную тэхніку трэба плаціць і далей. Пры гэтым, натуральна, што адшукаць маладога чалавека было справай праблематычнай», — патлумачыла Вольга Яскевіч.

Праваахоўныя органы ўзбудзілі ў дачыненні да мінчука крымінальную справу па ч.3 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Махлярства, здзейсненае ў буйным памеры»). Яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. На дадзены момант праваахоўнікі выявілі 11 эпізодаў махлярства, вядзецца далейшая праверка.

Как вам новость?
Головоломки