Скэнлан: дэмакратычны прагрэс у Беларусі прывядзе да змякчэння санкцыяў

24.08.2010 11:39
Архив Редакция

ЗША хочуць паляпшэння адносінаў з Беларуссю, але гэта прадугледжвае рух Мінску наперад у галіне правоў чалавека і дэмакратыі. Пра гэта заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан. "Мы наўпрост увязваем гэтае пытанне з пытаннем эканамічных санкцыяў. Гэта простае матэматычнае раўнанне: прагрэс у Беларусі ў гэтай галіне будзе азначаць змякчэнне санкцыяў і наадварот", — сказаў дыпламат.

Пры гэтым кіраўнік амерыканскай амбасады ў Мінску дадаў, што «гэта простыя і зразумелыя дарожныя знакі нашай палітыкі ў дачыненні да Беларусі», перадае «Савецкая Беларусь».

«У канцы 2008 года і пачатку 2009 года беларускія ўлады зрабілі некаторыя сціплыя крокі, накіраваныя на рэгістрацыю няўрадавых арганізацыяў і распаўсюд незалежных СМІ. На жаль, застаўся без зменаў артыкул 193 Крымінальнага кодэкса аб адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. З тых часоў становішча не стала лепшым», — адзначыў Майкл Скэнлан.

«Візіт спадара Гордана ў жніўні мінулага года ў Беларусь (памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан — Тэлеграф) з’яўляўся своеасаблівым заклікам разам падумаць, што рабіць далей. Мы лічым, што ёсць шмат магчымасцяў для канструктыўных стасункаў паміж нашымі краінамі, і зрабілі адпаведныя прапановы Мінску — сумеснае процідзеянне трансмежавай злачыннасці, візіты вайсковых дэлегацыяў, адукацыйныя і культурныя кантакты. Рэакцыі з беларускага боку пакуль не паступіла», — канстатаваў кіраўнік амэрыканскай амбасады ў Мінску.

Дыпламат таксама адзначыў, што палітыка ЗША і Еўрапейскага саюза ў дачыненні да
Беларусі заснаваная на адных і тых жа прынцыпах і каштоўнасцях. «Механізмы ж прыняцця рашэнняў могуць адрознівацца», — сказаў Майкл Скэнлан.

Скэнлан: кожная дзяржава мае права выбару

Закранаючы пытанне аб каштоўнасці незалежнасці, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі адзначыў, што Беларусь знаходзіцца «ў той частцы свету, якая з’яўляецца флагманам руху за адзінаыя высокія нормы і стандарты». «У Еўропе — а пад ёй я разумею прастору ад Уладзівастока да Лісабона — стварэннем агульных рамак развіцця ў сферы права і дэмакратыі займаецца Рада Еўропы. А крытэры адукацыі задае так званы Балонскі працэс», — растлумачыў дыпламат.

«Я спашлюся на словы міністра замежных спраў (Беларусі) Сяргея Мартынава, які вясной гэтага года сказаў, што Беларусь не хоча быць ні часткай Расіі, ні часткай Еўрапейскага саюза, яна проста хоча з’яўляцца часткай Еўропы», — сказаў Майкл Скэнлан.

Пры гэтым кіраўнік амерыканскай амбасады ў Мінску лічыць пазітыўным крокам нядаўняе рашэнне Беларусі далучыцца да Балонскага працэсу. «Лагічным працягам гэтай лініі было б далучэнне да Рады Еўропы. Беларусь адзіная краіна Еўропы, якая не з’яўляецца сябрам гэтай арганізацыі. Зразумела, кожная дзяржава мае права выбару: уступаць кудысьці ці не. З прыняццем такога рашэння з’яўляюцца перавагі, але разам з тым набываецца пэўная адказнасць…», — падкрэсліў дыпламат.

Скэнлан: пытанне энергетычнай незалежнасці стаіць перад кожнай краінай

Наконт пытанняў энергетычнай незалежнасці, Майкл Скэнлан адзначыў, што гэта выбар, які робіць сама Беларусь. «Энергетычная незалежнасць — гэта пытанне, якое стаіць перад кожнай краінай, — падкрэсліў кіраўнік амерыканскай амбасады ў Мінску. — Наш вопыт заключаецца ў тым, што энергетычны сектар павінен быць празрыстым, што на гэтым рынку павінна быць канкурэнцыя, што кошты на паслугі павінны быць рынкавымі, што прывядзе да эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў».

«Немагчыма дабіцца энергаэфектыўнасці толькі шляхам прыняцця адміністрацыйных рашэнняў, неабходна прыцягваць прыватны сектар. Урад павінен стварыць асяроддзе з роўнымі ўмовамі для ўсіх, у тым ліку для прыватных кампаніяў — як мясцовых, так і замежных. З боку вашага ўрада я такога падыходу не бачу», — падсумаваў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Как вам новость?