Скэнлан: ЗША чакаюць кроку насустрач ад Беларусі

28.07.2010 09:51
Архив Редакция

Калі Беларусь хоча супрацоўнічаць з ЗША, яна павінна зрабіць крок насустрач, заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан 27 ліпеня ў Раўбічах падчас фестывалю "Амбасовiшча". "Мы не змянілі нашай пазіцыі ў дачыненні да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі", — падкрэсліў кіраўнік амерыканскай амбасады ў Мінску.

Дыпламат са шкадаваннем канстатаваў, што ЗША вымушаныя адмовіцца ад рэзідэнцыі пасла ў Раўбічах. З сакавіка 2008 года на чале амбасады ЗША ў Беларусі стаіць часовы павераны, бо Мінск адклікаў свайго пасла з Вашынгтону. Майкл Скэнлан патлумачыў, што на працягу двух гадоў у доме — былой рэзідэнцыі амбасадара ніхто не жыў, і з беларускага боку да гэтага часу не паступала сігналаў аб тым, што сітуацыя нейкім чынам зменіцца.

«Дзеянні важнейшыя за словы. Усе разумеюць, што азначае нашая адмова ад рэзідэнцыі. Мы па-ранейшаму адданыя сваёй справе. Амбасада ЗША ў Мінску застаецца і працягвае працаваць», — сказаў дыпламат, паведамляе прэс-цэнтр «Хартыі 97».

Адносіны паміж Мінскам і Вашынгтонам пагоршыліся ў сакавіку 2008 года пасля таго, як улады Беларусі адмовіліся вызваліць зняволеных апазіцыянераў. Паслоў Беларусі і ЗША адклікалі для кансультацыяў, штаты абодвух пасольстваў скарацілі да мінімуму.

У той жа час, як раней паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што з цяперашняй адміністрацыяй Белага дому Беларусь вядзе акуратны дыялог. «Апошнім час пачаўся працэс дээскалацыі двухбаковых адносінаў, іх атмасфера патроху нармалізуецца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што «Злучаныя Штаты ажыццявілі некаторыя невялікія крокі, накіраваныя на паляпшэнне стану двухбаковых адносінаў». Па словах беларускага лідара, у апошні год актывізаваліся кантакты на высокім і найвышэйшым узроўні з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі, заканадаўчай улады, дзелавых колаў.

Как вам новость?