Скэнлэн: праз санкцыі супраць "Белнафтахіма" экспарт упаў на мільярд даляраў

02.03.2011 16:09
Архив Редакция

Пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі Амерыкі эканамічных санкцыяў у дачыненні да канцэрна "Белнафтахім" беларускі экспарт у ЗША ўпаў амаль на мільярд даляраў. Аб гэтым заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлэн. "Па дадзеных амерыканскага ўрада, пасля ўвядзення санкцый ў 2007 годзе беларускі экспарт на амерыканскі рынак абваліўся з амаль 1,1 млрд. даляраў да 175 млн. даляраў у 2010 годзе", — сказаў амерыканскі дыпламат.

«Вельмі важна звяртаць увагу не на тое, што будзем рабіць мы, а на тое, што адбываецца тут, у Беларусі, — сказаў Майкл Скэнлэн, кажучы пра санкцыі. — Нашы дзеянні будуць рэакцыяй на тое, што адбываецца тут. ЗША працягваюць заклікаць да неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых і зняцці ўсіх абвінавачанняў супраць іх. Мы таксама заклікаем спыніць абуральны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, юрыстаў, палітычнай апазіцыі і членаў сем’яў затрыманых».

Акрамя таго, ЗША заклікаюць стварыць магчымасці для свабоднага выказвання палітычных поглядаў, развіцця грамадзянскай супольнасці, свабоды СМІ — усяго таго, што з’яўляецца абавязацельствамі, узятымі на сябе Беларуссю ў рамках АБСЕ, сказаў амерыканскі дыпламат. «І гэтыя стандарты павінны выконвацца, калі Беларусь хоча быць бліжэй да Еўропы», — дадаў ён, перадае БелаПАН.

«Палітыка санкцыяў уяўляе сабой простае матэматычнае ўраўненне: Калі ў Беларусі будзе паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, на што мы спадзяемся, паследуе паслабленне санкцый. Калі будзе пагаршэнне — санкцыі ўзмоцняцца, як мы ўжо прадэманстравалі. Гэта не павінна быць навіной для беларускага ўрада, паколькі мы заўсёды паслядоўна прытрымліваліся такой палітыкі», — рэзюмаваў Майкл Скэнлэн.

ЗША не будуць «гандляваць прынцыпамі» дзеля колькасці супрацоўнікаў амбасады ў Мінску

Акрамя таго, Майк Скэнлэн паведаміў, што ЗША не маюць намеру «гандляваць прынцыпамі» дзеля аднаўлення колькасці сваёй амбасады ў Мінску. Па словах дыпламата, ад скарачэння колькасці дыпламатаў не выйграў ні беларускі, ні амерыканскі бок. «Мы ў любым выпадку не пойдзем на нейкія ўгоды дзеля павелічэння штата пасольства», — дадаў Майкл Скэнлэн.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі нагадаў, што ў 2008 годзе беларускі бок у аднабаковым парадку запатрабаваў скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску з 35 да пяці супрацоўнікаў.

«Мы не лічым, што павінны быць нейкія абмежаванні па колькасці дыпламатаў, ні ў нашым пасольстве ў Мінску, ні ў беларускім — у Вашынгтоне. Ці зменіцца гэтая сітуацыя, лепш спытаць у беларускага ўрада», — распавёў Майкл Скэнлэн.

«Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы не будзем гандляваць прынцыпамі, якія датычацца права беларусаў жыць у дэмакратычным грамадстве, дзе выконваюцца правы чалавека, наўзамен на павелічэнне амерыканскіх супрацоўнікаў у нашым пасольстве. Я думаю, што мы больш чым ясна казалі пра гэта ўсе апошнія тры гады», — заявіў амерыканскі дыпламат.

Как вам новость?
Головоломки