Сікорскі: ад Захаду Беларусь атрымае 87 млн. еўра

02.02.2011 12:46
Архив Редакция

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі 2 лютага на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам міжнароднай канферэнцыі донараў "Салідарнасць з Беларуссю", якая прайшла ў Варшаве, заявіў, што ў суме Беларусь атрымае ад усіх краін-удзельніц канферэнцыі 87 млн. еўра, прычым 1,7 млн. еўра пойдзе на дапамогу пацярпелым апазіцыянерам і іх сем'ям, а таксама пераследаваным СМІ. 

У сваю чаргу, як перадае карэспандэнт Тэлеграфа ў Варшаве, еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле адзначыў, што важна неадкладна дасягнуць стабільнасці ў Беларусі. Паводле яго слоў, у канцы лютага — пачатку сакавіка Захад правядзе яшчэ адну сустрэчу па пытанні сітуацыі ў Беларусі.

Міністр замежных спраў Румыніі Тэадор Баконски адзначыў, што гэтае мерапрыемства з’яўляецца «адназначным мэсэджэм для Беларусі». «Я ведаю, як складана краіне пераходзіць ад дыктатуры да функцыянавальнага грамадства. Мы павінны дзейнічаць, мы не можам заставацца пасіўнымі, бачачы тое, што адбываецца па суседстве», — падкрэсліў ён.

У той жа час прадстаўнік дзярждэпартаменту ЗША адзначыў, што, нягледзячы на тое, што ЕС і ЗША дзейнічаюць сумесна, «гэта не зусім атрымліваецца». «Мы павінны паралельна ўводзіць санкцыі», — заявіў ён.

Ева Някляева: свет не разумее таго, што адбываецца ў Беларусі

Затым слова ўзяла дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева Ева. «Мой бацька зараз пад хатнім арыштам. Ёсць спіс забаронаў, накладзеных на яго. Яму неабходная медыцынская дапамога, таму я тут замест яго», — адзначыла яна, падкрэсліўшы, што беларускія ўлады не пусцілі ў Варшаву сваякоў зняволеных апазіцыянераў.

Паводле яе слоў, свет не зусім разумее, што адбываецца ў Беларусі. «Гэта палітыка заплюшчвання вачэй, свет павінен адкрыць вочы», — заявіла яна.

ЕС у чатыры разы павялічыць дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, выступаючы 2 лютага на міжнароднай канферэнцыі донараў «Салідарнасць з Беларуссю», заявіў што, Еўрасаюз павялічыць сваю дапамогу грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў чатыры разы — з 4 млн. еўра да 15,6 млн. еўра. «Наша падтрымка ў першую чаргу накіравана беларускім недзяржаўным арганізацыям, незалежным СМІ і студэнтам, якія падвергнуліся рэпрэсіям рэжыму», — адзначыў палітык.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў сваю чаргу раней заявіў, што Аляксандр Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары. «Нават краіны, якія прызналі выбары, ведаюць, што ты не набраў 80%», — адзначыў кіраўнік МЗС Польшчы, падкрэсліўшы, што ў гэтым ёсць і заслуга ЕС.

«Наша палітыка працуе. Лукашэнка не выйграў выбары, апазіцыя ўмацавалася», — лічыць Радаслаў Сікорскі.

Між тым, як перадае карэспандэнт Тэлеграфа ў Варшаве, польскі міністр заявіў, што вынік мінулых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з’яўляецца трывожным. «Прэзідэнт Лукашэнка не жадае адмовіцца ад прымянення рэпрэсій супраць сваіх праціўнікаў. У краіне стала больш рэпрэсій супраць апазіцыі, стала больш Лукашэнкі», — заявіў дыпламат.
Thumbnail image for конференция Солидарность с Беларусью_Сикорский.jpgПаводле яго слоў, Польшча хоча, каб выбары ў Беларусі праходзілі па мінімальным еўрапейскім стандартам, паколькі Беларусь «несумненна, з’яўляецца часткай еўрапейскага грамадства». «Калі ў Еўропе не разумеюць гэтага, то гэта праблема еўрапейскага грамадства», — адзначыў палітык. 

Радаслаў Сікорскі таксама паабяцаў аказаць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: палегчыць візавы рэжым, падтрымліваць незалежныя СМІ і акадэмічныя ўстановы. Паводле яго слоў, на гэтыя мэты плануецца выдаткаваць каля 10 млн. еўра. «Прыйдзе дзень, і ў Беларусі паставяць манумент тым, хто супрацьстаяў рэжыму. Беларусь! Еўропа і Польшча з вамі!», — рэзюмаваў кіраўнік МЗС Польшчы.

Мілінкевіч: неабходны ўнутраны дыялог з уладай

У сваю чаргу лідар Руху «За Свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што сёння ў Беларусі «тэрор, ідуць арышты і канфіскацыі». «Арышт ўсіх дэмакратычных кандыдатаў у дзень выбараў — гэта факт для кнігі рэкордаў Гінэса. Самае важнае для нас сёння — вызваліць людзей з турмы», — адзначыў апазіцыянер.

Прычыны таго, што адбываецца ў краіне палітык бачыць у тым, што Аляксандр Лукашэнка спалохаўся: «спалохаўся выбараў, заяў кандыдатаў, тэледэбатаў, столькіх людзей на Плошчы». «Таму ён рашыўся на такія крокі, вырашыў цалкам кантраляваць краіну і грамадства нават у шкоду стасункаў з Еўропай», — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Thumbnail image for конференция Солидарность с Беларусью456.jpgНа яго думку, змяніць сітуацыю ў Беларусі можна палітычнымі, эканамічнымі і іншымі метадамі. «У Еўракамісіі ствараюць Дарожную карту па Беларусі. Важна, каб там было патрабаванне пачатку ўнутранага дыялогу з уладай. Апазіцыя павінна быць часткай кіраўніцтва ў краіне. Сёння мы, апазіцыя, крытыкуем рэзка ўладу, але мы павінны стаць альтэрнатывай, а не толькі крытыкаваць», — адзначыў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года. 

Таксама Аляксандр Мілінкевіч заклікаў ЕС спрасціць і зрабіць таннейшым атрыманне візаў для грамадзян Беларусі, паколькі сёння «паміж Берасцем і Беластокам Берлінская сцяна, і не Лукашэнка яе ўзвёў». Ён таксама звярнуўся да краін, якія яшчэ ні разу не аказвалі дапамогу беларускай апазіцыі. «Напрыклад, Партугалія, сама ведае, што такое дыктатура. Ну вазьміце дайце пару стыпендый для студэнтаў», — сказаў палітык.

МЗС Швецыі: Лукашэнка горшы за Мілошавіча 

Следам за Аляксандрам Мілінкевічам выступіў кіраўнік МЗС Эстоніі, які прапанаваў стыпендыі беларускім студэнтам для працягу адукацыі. «Мы адкрытыя для ідэй, якія дапамогуць развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», — адзначыў Урмас Паэт.

У адрозненні ад Аляксандра Мілінкевіча і Радаслава Сікорскага, якія выступалі з трыбуны, усе астатнія выступаюць з месца. Так міністр замежных спраў Румыніі Тэадор Баконскі заявіў, што беларускія ўлады павінны прызнаць існаванне апазіцыі ў краіне і выпусціць арыштаваных па палітычных матывах. Ён таксама паабяцаў працягваць запрашаць грамадскія арганізацыі на форумы НДА.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більт выказаў шкадаванне, што вымушаны прысутнічаць на дадзенай канферэнцыі. «Мне шкада што я вымушаны знаходзіцца тут. Калі б не падзеі 19 снежня, мы маглі б з большай карысцю правесці гэты час», — заявіў ён.

Міністр адзначыў, што зробленае Аляксандрам Лукашэнкам горш чым тое, што зрабіў прэзідэнт Сербіі Слабадан Мілошавіч ў 2000 годзе на выбарах. «Мы павінны яшчэ больш падтрымліваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі. У мінулым у нас ужо былі праграмы на 11 млн. еўра. Магчыма, са зменамі і ў большым маштабе мы маем намер дапамагаць дзеячам мастацтва, малому бізнэсу і г.д.», — паведаміў міністр, адзначыўшы, што 60 беларускіх студэнтаў ужо навучаюцца ў розных універсітэтах Швецыі.

МЗС Францыі: санкцыі контрпрадуктыўныя

Выступіла на канферэнцыі і кіраўніца камісіі па замежных справах Сената Канады Рэйнэл Андрайчук, асудзіўшы ўжыванне сілы 19 снежня і заклікала вызваліць усіх затрыманых апазіцыянераў. Ад імя Канады яна паабяцала вылучыць аднаразова 400 тыс. даляраў на ажыццяўленне розных праектаў, а таксама выдзяляць 300 тыс. даляраў штогод на падтрыманне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Паабяцалі вылучыць грошай і прадстаўнікі Даніі, а Нямеччына заявіла аб павелічэнні ў 2011 годзе дапамогі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі да 6,7 млн. еўра. У той жа час прадстаўнік Францыі заявіў, што не лічыць санкцыі супраць беларускіх уладаў карыснымі. «Трэба думаць аб будучыні. Санкцыі — контрпрадуктыўныя меры», — заявіў ён.

Дэлегат на канферэнцыю ад Венгрыі, выказаўшы салідарнасць з Беларуссю, заявіў, што з-за фінансава-эканамічных праблемаў Будапешт не зможа падтрымаць беларускую апазіцыю. «Еўропа не можа быць моцнай без Беларусі. Без Беларусі Еўропа слабая!», — заявіў ён.

Латвія: адносіны з Беларуссю не могуць быць ранейшымі 

Узяўшы слова прадстаўнік Латвіі, заявіў, што стасункі ЕС і Беларусі больш не могуць быць ранейшымі, і «беларускае кіраўніцтва павінна гэта ўсведамляць». Разам з тым ён лічыць, што варта наладзіць прамы дыялог з Мінскам, паколькі «толькі гэта можа прынесці вынік». Ён таксама адзначыў, што Латвія гатовая садзейнічаць умацаванню дэмакратычнага грамадства ў Беларусі, перш за ўсё, дапамагаючы студэнтам і незалежным установам адукацыі.

А дэлегат ад Літвы ў сваю чаргу адзначыў, што беларускі народ мае вялікую патрэбу ў салідарнасці менавіта цяпер. «Вільня бліжэйшая па адлегласці еўрапейская сталіца да Беларусі», — падкрэсліў ён.

Іспанія спадзяецца, што беларускія дзеці стануць тарэадорамі

Аб садзейнічанні ў вызваленні затрыманых апазіцыянераў і фінансавай дапамозе іх сем’ям заявіў таксама прадстаўнік Славакіі. Прадстаўнік жа Іспаніі Франсіска Фернандэс Фабергас заявіў, што яго краіна рада прымаць у сябе дзяцей з Беларусі. «Спадзяюся, можа хто-небудзь з іх вырасце і стане тарэадорам», — заявіў ён, стаўшы такім чынам першым удзельнікам канферэнцыі, які пажартаваў.

Вялікабрытанія гатова прыняць Беларусь назад у Еўропу

Прадстаўніца Вялікабрытаніі Лоры Брысталь, адзначыла, што яе краіна ўжо выдаткавала на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці 0,25 млн. фунтаў. У той жа час Вялікабрытанія рэалістычна ставіцца «да складанасцяў па стварэнні грамадзянскай супольнасці ў Беларусі». «Самае важнае, што ў нашай заяве мы назвалі грамадзянскія варыянты для вырашэння сітуацыі», — заявіла дыпламат.

«Калі Беларусь вырашыць вярнуцца ў еўрапейскую супольнасць, мы будзем рады прыняць іх», — адзначыла Лоры Брыстоль.

Прадстаўнік дзярждэпартаменту ЗША Дэніэл Расэл адзначыў важнасць таго, што «міжнародная грамадскасць кажа зладжана, у адзін голас». Па яго словах, мэта санкцый супраць Беларусі — «патрабаваць ад беларускага кіраўніцтва спыніць рэпрэсіі супраць уласнага народу». Ён адзначыў, што ЗША працягнуць падтрымліваць дэмакратычныя партыі і рухі Беларусі, а таксама незалежныя СМІ, вылучыўшы на гэта дадаткова чатыры мільёны даляраў.

Таксама на канферэнцыі выступілі прадстаўнікі Італіі, Кіпра, Малдовы, Швейцарыі. Прадстаўнікоў Расіі на канферэнцыі не назіралася.

Как вам новость?
Головоломки