Следчы Бярозаўскага РАУС застрэліўся на працоўным месцы

12.03.2011 15:58
Архив Редакция

Супрацоўнікі пракуратуры Берасцейскай вобласці па Бярозаўскім раёне праводзяць праверку па факце самагубства 23-гадовага следчага Бярозаўскага РАУС. Па дадзеных следства, міліцыянт 7 сакавіка застрэліўся з табельнай зброі прама на службе. Між тым, сваякі загінулага ў версію пра самагубства не вераць. 

«Саша будаваў вялікія планы на жыццё, улетку збіраўся ажаніцца са сваёй каханай дзяўчынай. Ну не мог ён проста ўзяць і застрэліцца ў працоўным кабінеце. Ні родныя, ні сябры не вераць ў версію пра самагубства! У той дзень ён прыходзіў дадому на абед, быў вясёлы, нічога не прадвяшчала бяды», — распавяла родная сястра загінулага.

Па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Берасцейскай вобласці Андрэя Радкаўца, што здарэнне, «ніяк не звязана са службовай дзейнасцю» загінулага, а «абумоўлена праблемамі асабістага характару», перадае «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Тым не менш, сястра загінулага паведаміла, што яе брат штодня меў зносіны па інтэрнэце са сваёй дзяўчынай, якая жыве ва Украіне, маладыя людзі рэгулярна слалі адзін аднаму смс. «У нас ёсць іх ўся перапіска, ніякіх сварак паміж імі не было, і калі пачытаць усю перапіску, то становіцца зразумела: пра неўзаемнае каханне размовы наогул не было», — паведаміла сястра загінулага.

Дзяўчына таксама распавяла, што ў дзень смерці з тэлефона загінулага яго нявесце прыйшлі два паведамлення. «Першае ў 15:03: «І я цябе люблю. Цалую», гэта быў паўтор яго смс за 1 сакавіка, а другая ў 15:38 — «Юля даруй зай. Я пакончыў з сабой». Як такое можа быць, калі афіцыйны час смерці брата 14:39?» — дзівіцца сястра загінулага міліцыянта.

Акрамя таго, у сваякоў загінулага выклікае здзіўленне таксама той факт, што ў кабінеце акрамя загінулага было яшчэ два супрацоўнікі, але яны сцвярджаюць, што не бачылі і не чулі, як іх калега даставаў табельную зброю і узвёў курок.

Как вам новость?