Следства адмаўляецца абнародаваць прозвішчы падазраваных тэрарыстаў

18.04.2011 15:20
Архив Редакция

Следства па справе аб тэракце ў мінскім метро адмаўляецца выдаваць прозвішчы падазраваных, якія могуць быць датычныя да выбуху 11 красавіка. У Камітэце дзяржбяспекі і ў Генеральнай пракуратуры лічаць, што абвяшчэнне прозвішчаў меркаваных тэрарыстаў можа "стварыць дадатковую пагрозу жыццю і здароўю беларускіх грамадзян".

«Вы зразумейце правільна, чаму не называюць іх прозвішчаў. Тут два аспекты. Па-першае, ідзе следства, і абнародаванне прозвішчаў можа перашкодзіць яго ходу. Па-другое, тут маральны складнік. Бо пасля абвяшчэння прозвішчаў, можа пайсці сустрэчная хваля гвалту. Вось пра што гаворка. Гаворка ідзе выключна з пункту гледжання забеспячэння бяспекі сваякоў і навакольных», — заявіў начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч.

З нагоды інфармацыі пра затрыманых беларускімі праваахоўнікамі падазраваных, якая з’явілася ў некаторых СМІ, прадстаўнік КДБ адзначыў, што дадзеныя інфармацыйныя ўкіды могуць быць небяспечныя. «Для чаго вось гэта вось зроблена, я нават не ведаю. Людзі або не думаюць аб наступствах сваіх укідаў, альбо пераследуюць якую-небудзь пэўную мэту, што вось быць першымі, што мы такія добрыя», — цытуе Аляксандра Антонавіча «Ежедневник».

Адносна магчымай адказнасці з боку СМІ за падобныя публікацыі прадстаўнік КДБ нагадаў, што Генпракуратура раней ужо папярэджвала аб тым, што аўтараў паклёпніцкіх публікацый і каментарыяў будуць выклікаць на допыты. «Генеральны пракурор датычна гэтага ўжо выказаўся дастаткова падрабязна і з майго боку будзе некарэктна яго інтэрпрэтаваць», — падкрэсліў Аляксандр Антановіч.

У сваю чаргу ў Генпракуратуры заявілі, што пытанне з публікацыяй прозвішчаў і партрэтаў падазраваных будзе вывучацца і толькі пасля гэтага рушыць услед нейкая рэакцыя.

Між тым, ні ў Генпракуратуры, ні ў КДБ не сталі нічога ўдакладняць стасоўна звестак аб падазраваных тэрарыстаў, апублікаваных у некаторых СМІ.

Раней, як ужо перадаваў Тэлеграф, намеснік генеральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед, які ўзначальвае следства па справе аб тэракце ў Мінску, папярэдзіў СМІ і ўсіх грамадзян аб адказнасці за распаўсюд ілжывай інфармацыі, у тым ліку і пра тэракт ў Мінску, сярод насельніцтва. Ён таксама заявіў, што ўсіх «дэзінфарматараў і распаўсюджвальнікаў панічных чутак» выклічуць на допыт у пракуратуру.

Как вам новость?
Головоломки