СМІ: Мінск гатовы прадаць "Беларуськалі" за 15 млрд даляраў

09.06.2011 11:06
Архив Редакция

Расійская кампанія "Нафта Масква", якую ўзначальвае саўладальнік кампаніі "Уралкалій" Сулейман Керымаў, неўзабаве можа заключыць дамову з беларускімі ўладамі аб куплі 50% + 1 акцыя "Беларуськалія". Паводле крыніцы, сума ўгоды складзе 15 млрд даляраў, зыходзячы з ацэнкі ўсёй кампаніі ў 30 млрд даляраў.

У сераду, 8 чэрвеня, прайшла сустрэча кіраўніцтва «Нафта Масквы» і прадстаўнікоў беларускіх уладаў. Сустрэча стала пераломнай і дазволіла бакам наблізіцца да фінальных дамоўленасцяў, паведамляе Інтэрфакс.

Расійскі Сбербанк ужо выказаў гатоўнасць у фінансаванні ўгоды. «Пакуль Керымаў не звяртаўся, але мы з задавальненнем гатовыя разгледзець магчымасць фінансавання гэтай угоды, у тым ліку, калі будзе трэба, у кансорцыюме з іншымі расійскімі банкамі», — заявіў намеснік старшыні праўлення Сбербанк Андрэй Данскіх.

Багданкевіч: улада пачала прадаваць «фамільнае срэбра»

Супраць угоды рэзка выступіў былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч. «Калі гэта праўда, то гаворка ідзе аб распродажы «фамільнага срэбра» Беларусі, якая не выкліканая неабходнасцю. «Беларуськалі»- гэта той аб’ект, тая народная каштоўнасць, той фактычна адзіны прыродны рэсурс краіны, які ні ў якім разе нельга прадаваць», — адзначыў ён.

Па словах Станіслава Багданкевіча, 15 млрд даляраў, «безумоўна, дапамогуць прэзідэнту Лукашэнку ўтрымацца ва ўладзе і часова стабілізаваць сітуацыю». «Выхад палягае на тым, каб неадкладна праводзіць эканамічныя рэформы, ствараць ўмовы не для прытоку такіх вось «пустых» грошай, а для прытоку грошай разам з найноўшымі тэхналогіямі цывілізаванага свету», — сказаў эканаміст.

Эксперт: цана «Беларуськалія» завышана

Між тым, як адзначыў аналітык Raiffeisenbank Канстанцін Юмінаў, справядлівая цана «Беларуськалі» ў 1,5-2 разы ніжэйшая за заяўленыя 30 млрд даляраў. «Але такая буйная прэмія вытлумачальная. Прадаецца кантрольны пакет, а гэта заўсёды павялічвае цану ўгоды», — сказаў ён.

Акрамя гэтага, цікавасць да «Беларуськалія» праяўляюць інвестары з Кітая, які з’яўляецца найбуйнейшым у свеце спажыўцом хларыду калію — асноўнага кампанента для большасці калійных угнаенняў. «Калі спажывец (у дадзеным выпадку — Кітай) атрымае долю ў вытворчасці, ён зможа ўплываць на аб’ёмы паставак і цэны. Таму цікавасць з боку Кітая яшчэ больш павялічвае кошт актыву», — лічыць эксперт.

«Калі ўгода адбудзецца, то яна адбудзецца менавіта па цане, агучанай беларускімі ўладамі. У гэтай сітуацыі Лукашэнка цалкам мог пайсці і на продаж кантрольнага пакету. Цяпер мы назіраем у Беларусі не проста эканамічны крызіс, а крызіс эканамічнай мадэлі. Ім неабходны буйныя інвестыцыі», — падкрэсліў намеснік гендырэктара расійскага Цэнтру палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін.

Как вам новость?
Головоломки