Снапкоў: Беларусь выраўняе гандлёвае сальда з РФ за тры гады

04.06.2010 12:10
Архив Редакция

Міністэрства эканомікі Беларусі разлічвае за два-тры гады выраўняць гандлёвы баланс з Расіяй. Пра гэта чацвёртага чэрвеня заявіў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў па выніках сумеснага пасяджэння калегіі міністэрства эканомікі Беларусі і Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі, якое прайшло ў Маскве.

«Асноўны індыкатар нашых узаемаадносін — імкненне да збалансаванасці гандлёвага сальда, — сказаў кіраўнік мінэканомікі. — Мы будзем фармаваць гандлёвыя балансы ў тым рэчышчы, каб выраўняць сальда».

Мікалай Снапкоў адзначыў таксама, што доля экспарту Беларусі ў Расію ў агульным аб’ёме імпартаваных расійскім бокам тавараў складае крыху больш за 4%. «Таму нам ёсць куды імкнуцца», — цытуе БелТА кіраўніка эканамічнага ведамства.

У сваю чаргу, міністр эканамічнага развіцця Расіі Эльвіра Набіуліна адзначыла, што паступова таваразварот Беларусі і Расіі пачынае аднаўляцца. Яна нагадала, што ў мінулым годзе ў сувязі з сусветным фінансава-эканамічным крызісам беларуска-расійскі таваразварот скараціўся на 31%, а ў першым квартале гэтага года быў адзначаны яго рост на 17%.

«Эканомікі Беларусі і Расіі ўзаемазвязаныя, а прадпрыемствы дзвюх краін знаходзяцца ў цеснай кааперацыі. Развіццё агульнага рынку цікава нашым краінам», — падкрэсліла Эльвіра Набіуліна.

Парадак дня сумеснага паседжання калегіі ўключаў у сябе тры пытанні. Бакі разгледзелі сцэнарныя ўмовы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі ў 2010-2013 гадах, фармаванне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, а таксама ход выканання міжурадавага плану сумесных дзеянняў па мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу.

Как вам новость?