Снапкоў: лібералізацыя цэнаўтварэння дазволіць кіраваць інфляцыяй

19.04.2011 13:08
Архив Редакция

Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў распавёў, за кошт чаго Беларусь павінна выйсці на дадатнае сальда ў знешнім гандлі, як ўтаймаваць інфляцыю і якія рашэнні плануецца прыняць у бліжэйшы час па паляпшэнні бізнэс-клімату ў краіне. Па словах кіраўніка мінэканомікі, лібералізацыя цэнаўтварэння зусім не азначае поўную бескантрольнасць і дазваляе захоўваць кіравальнасць інфляцыйнымі працэсамі ў краіне.

Закранаючы тэму росту спажывецкіх цэн і тое, чаму не ўдаецца ўтаймаваць інфляцыю, Мікалай Снапкоў сказаў: «Трэба разумець, што адносна высокія тэмпы росту спажывецкіх коштаў у мінулым годзе выкліканыя, перш за ўсё, знешнімі фактарамі. Павялічыліся цэны на сыравінныя і паліўна-энергетычныя рэсурсы, якія ўвозяцца, даражэюць прадукты харчавання на сусветным рынку».
 
Каб не дапусціць пагаршэння фінансавага стану прадпрыемстваў рэальнага сектару эканомікі і несанкцыянаванага вывазу з краіны асобных тавараў, урад вымушаны павялічваць цэны і тарыфы на асобныя тавары і паслугі на ўнутраным рынку, адзначыў Мікалай Снапкоў, перадае «Народная газета«.

«На найважнейшыя сацыяльна значныя харчовыя тавары, якія вызначаюць жыццёвы ўзровень насельніцтва, такія як малако і малочныя прадукты, мяса і мясапрадукты, хлеб і хлебабулачныя вырабы, ажыццяўляецца дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне і ўзровень цэн на іх ніжэй, чым, напрыклад, у суседніх рэгіёнах Расіі», — адзначыў міністр.

«З іншага боку, развіццё прадпрымальніцтва, адзіныя прынцыпы і правілы канкурэнцыі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы патрабуюць пераходу пераважна да эканамічных метадаў ўздзеяння на працэсы цэнаўтварэння. Каб не дапусціць дэстабілізацыі цэнавай сітуацыі на спажывецкім рынку, неабходна задзейнічаць інструменты ў галіне валютнай і грашова-крэдытнай палітыкі, антыманапольнага рэгулявання, насыціць рынак таварамі айчыннай і замежнай вытворчасці ў дастатковай колькасці», — адзначыў Мікалай Снапкоў.

Снапкоў: праца па зніжэнні і аптымізацыі падатковай нагрузкі працягнецца

Па словах Мікалая Снапкова, выкананне большасці з мерапрыемстваў па лібералізацыі эканомікі і падтрымцы прадпрымальніцтва прадугледжаны ў першай палове 2011 года. «Для развіцця сумленнай канкурэнцыі суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ключавым момантам з’яўляецца лібералізацыя дзейнай сістэмы цэнаўтварэння», — сказаў міністр.
   
«Прадугледжваецца адмена абавязковага складання эканамічнага абгрунтавання ўзроўню прымененых цэн і тарыфаў, на адсутнае заканадаўча ўсталяванае цэнавае рэгуляванне, і скарачэнне пераліку сацыяльна значных тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулююцца міністэрствам эканомікі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам», — дадаў кіраўнік ведамства.

Арганізацыі самастойна змогуць прымаць рашэнні аб рэалізацыі прадукцыі па цэнах, што вызначаюцца з улікам кан’юнктуры рынка. Плануецца далейшае скарачэнне спісу платных медыцынскіх паслуг, зацвярджанага ўрадам, а таксама перагляд заканадаўства, якое рэгулюе цэнаўтварэнне ў будаўніцтве, распавёў Мікалай Снапкоў.

Акрамя таго, па словах міністра, будуць унесены змяненні ў заканадаўчыя акты, накіраваныя на спрашчэнне парадку прадстаўлення зямельных участкаў прадпрымальнікам, прадстаўленне льгот па арэнднай плаце за зямлю. Інвестараў прапануецца вызваліць ад выплаты арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, занятыя пад будаўніцтва аб’ектаў на перыяд іх узвядзення, а таксама правядзення праектных працаў.

«Прадоўжыцца работа па зніжэнні і аптымізацыі падатковай нагрузкі, уключаючы магчымае зніжэнне падатку на прыбытак. Плануецца таксама кардынальнае скарачэнне колькасці адміністрацыйных працэдураў, іх аптымізацыя з пашырэннем прынцыпу аднаго акна. Будзе ўдасканальвацца сама канцэпцыя дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцтва, пашыраны віды дзяржаўнай фінансавай падтрымкі прадпрымальнікам, атрымае развіццё мікрафінансаванне бізнэсу», — сказаў кіраўнік мінэканомікі.

Снапкоў: развіццё эканомікі магчыма за кошт інавацый і ініцыятывы

Гаворачы аб перспектывах развіцця беларускай эканомікі і пра тое, што прадугледжвае структурная перабудова эканомікі, Мікалай Снапкоў адзначыў: «Збалансаванае развіццё беларускай эканомікі ў бягучым годзе магчымае за кошт спалучэння трох ключавых фактараў: інвестыцый, інавацый і ініцыятывы. На думку шэрагу экспертаў, у найбліжэйшыя два гады глабальны эканамічны ўздым працягнецца, але пры гэтым перспектывы развіцця асобных краін і рэгіёнаў неаднолькавыя».
 
«Каб выкарыстаць спрыяльныя знешнія ўмовы, урад сфармаваў праграму прыватызацыі, — расказаў міністр эканомікі. — Яна арыентавана на прыцягненне стратэгічных інвестараў у розныя сектары беларускай эканомікі. Развіццё інавацыйнай эканомікі прадугледжвае рэалізацыю высокатэхналагічных праектаў і стварэнне новых навукаёмістых вытворчасцяў».

Акрамя таго, плануецца істотна павялічыць выдаткі на навуковыя даследаванні і распрацоўкі з 0,7% ВУП у 2010 годзе да 1,2-1,4%. Гэта, па словах Мікалая Снапкова, забяспечыць больш актыўнае ўкараненне навуковых дасягненняў і найноўшых тэхналогій у розных сферах эканамічнай дзейнасці.
 
«Нам таксама вельмі неабходна зніжаць матэрыяла- і энергаёмістасць вытворчасці. Толькі за кошт эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў мы можам забяспечыць у бягучым годзе прырост эканомікі на 0,5 працэнтнага пункта. А павышэнне прадукцыйнасці працы на 9,3-9,4 адсотка дазволіць павялічыць ВУП яшчэ на адзін пункт», — лічыць Мікалай Снапкоў.

У найбліжэйшы час нацыянальная мадэль эканомікі будзе абноўлена за кошт шырокага ўбудавання ў яе інстытутаў прыватна-дзяржаўнага партнёрства і вольнага ад адміністрацыйных бар’ераў прадпрымальніцтва. Важна паступова адыходзіць ад прамога кіравання гаспадарчай дзейнасцю арганізацый, ссоўваць акцэнты на эканамічныя інструменты рэгулявання, пашырэнне свабод для ўсіх формаў уласнасці, фармаванне спрыяльнага бізнэс-клімату, лічыць кіраўнік эканамічнага ведамства.

Как вам новость?
Головоломки