Сіноптыкі абяцаюць беларусам марозную навагоднюю ноч

27.12.2010 16:17
Архив Редакция

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага гідраметцэнтра, у бліжэйшыя дні надвор'е ў Беларусі будзе вызначаць Чарнаморскі цыклон. Захаваецца зімовы характар надвор'я. Тэмпература паветра ў навагоднюю ноч будзе вагацца ад -7 да -14°С, расказалі спецыялісты.

Па дадзеных Белгідрамету, 27 снежня Беларусь знаходзіцца пад уплывам малаградыентнага поля павышанага атмасфернага ціску, сфармаванага ў вільготным паветры, што паступае з акваторыі Балтыйскага мора. «Сёння днём у многіх раёнах пройдзе невялікі снег. На дарогах захаваецца галалёд. Вецер заходні слабы да ўмеранага. Тэмпература паветра -2..-8°С. Атмасферны ціск будзе расці», — паведамілі спецыялісты.

«У бліжэйшыя суткі, 28 снежня, ноччу захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску, а днём надвор’е будзе вызначацца Чарнаморскім цыклонам, цэнтр якога перамесціцца на паўднёва-ўсходнія раёны Украіны. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі невялікі снег. Днём на большай частцы тэрыторыі снег , у асобных раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей моцны снег. Месцамі на дарогах галалёд. Вецер паўночны слабы да ўмеранага. Тэмпература паветра ноччу -5..-12°С, пры праясненнях да -17°С, днём -4..-10°С», — перадае Белгідраметэацэнтр.

У наступныя двое сутак надвор’е ў Беларусі абумовіць Чарнаморскі цыклон, які перамяшчаецца на паўночна-ўсход праз тэрыторыю нашай краіны. Паводле інфармацыі сіноптыкаў, на большай частцы тэрыторыі пройдзе снег, месцамі чакаецца моцны снег, закруціць завіруха. «На асобных участках дарог галалёд. Вецер паўночнай чвэрці умераны. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад -7 да -14°С, днём -4..-11°С», — распавялі сіноптыкі.

Как вам новость?