Сіноптыкі: гэты ліпень самы спякотны за апошнія 30 гадоў

15.07.2010 16:47
Архив Редакция

Сярэдняя тэмпература паветра да сярэдзіны ліпеня ў Беларусі склала 18-22 градусы цяпла і аказалася на 2-4 градусы вышэйшай за кліматычную норму, расказала галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава. "Такая цёплая сярэдзіна лета бывае даволі рэдка: прыкладна раз на 20-30 гадоў", — адзначыла спецыялістка.

Па словах Вольгі Фядотавай, у канцы гэтага тыдня спёка яшчэ больш узмоцніцца. «Тэмпература паветра нават у начныя гадзіны не будзе апускацца ніжэй за 16-23 градусы цяпла. А днём слупкі тэрмометраў могуць дасягаць адзнакі плюс 29-34 градусаў, а па паўднёва-ўсходняй частцы краіны і 35-36 градусаў. Пры гэтым у асобных раёнах Беларусі магчымыя кароткачасовыя дажджы і навальніцы», — сказала сіноптык.

«Даволі гарачым абяцае быць і пачатак наступнага тыдня, хаця дзённая тэмпература на 2-3 градусы панізіцца. Яна будзе вагацца ад 24 градусаў цяпла па поўначы да 33 градусаў па поўдні рэспублікі», — сказала Вольга Фядотава, перадае БелТА.

Па папярэдніх разліках, паслабленне спёкі магчыма толькі ў апошніх датах ліпеня. Пры гэтым высокі тэмпературны фон на наступным тыдні будзе спалучацца з даволі высокай вільготнасцю паветра, таму месцамі па тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя навальнічныя дажджы, дадала спецыялістка.

Пры гэтым Вольга Фядотава адзначыла, што гарачае надвор’е звязана з асаблівасцямі атмасфернай цыркуляцыі паветра, пры якой на тэрыторыю Беларусі накіроўваюцца з поўдня Еўропы вельмі цёплыя паветраныя масы субтрапічнага паходжання. «На адрозненне ад Расіі, дзе многія рэгіёны пакутуюць ад засухі, Беларусь часцей аказваецца ў зоне ўплыву атмасферных франтоў, і тут перыядычна праходзяць навальнічныя дажджы», — канстатавала галоўны сіноптык Белгідрамета.

Как вам новость?