Сіноптыкі: да 8 сакавіка ў Беларусі пахаладае

03.03.2011 16:41
Архив Редакция

Паводле звестак Рэспубліканскага гідраметцэнтра, у Беларусі 4 сакавіка ўмовы надвор'я будуць вызначаць паступленні вільготных паветраных мас з Балтыйскага мора. Бліжэй да выходных у рэспубліцы зноў пахаладае. Таксама сіноптыкі прагназуюць халоднае надвор'е 7-8 сакавіка.

У Беларусі 4 сакавіка чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. «Месцамі пройдзе невялікі снег. Ноччу і раніцай у асобных раёнах туман. Месцамі на дарогах галалёд. Вецер заходні ўмераны, днём па паўночным захадзе парывісты. Тэмпература паветра ноччу -4..-10°C, у Берасцейскай вобласці пры праясненнях да -13°C, днём -3..+2°C. Атмасферны ціск будзе падаць», — паведамляе Белгідраметэацэнтр.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, 5 сакавіка праз тэрыторыю Беларусі будуць перамяшчацца актыўныя франтальныя раздзелы са Скандынаўскага паўвострава. Чакаецца пагаршэнне ўмоваў надвор’я. «Ноччу па паўночнай палове, днём на большай частцы краіны ападкі, у асноўным снег, мокры снег, завіруха, моцны парывісты вецер, галалёд. У дзённыя гадзіны па Віцебскай вобласці месцамі моцны снег. Тэмпература паветра ўначы -2..-9°C, днём -3..+3°C», — гаворыцца ў паведамленні сіноптыкаў.

«6 сакавіка следам за халодным фронтам з поўначы Еўропы на тэрыторыю краіны пачне паступаць паветраная маса арктычнага паходжання. Пахаладае. Часам снег, завіруха. Месцамі парывісты паўночна-заходні вецер. На дарогах галалёд. Тэмпература паветра ўначы -3..-10°C, днём ад 0°C па паўднёвым усходзе да -7°C па поўначы», — перадае Белгідрамет.

Как вам новость?