Сіноптыкі: маразы ў Беларусі да канца тыдня саслабеюць

01.12.2010 17:13
Архив Редакция

Па інфармацыі начальніка аддзелу гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людмілы Парашчук маразы, што прыйшлі ў Беларусь, саслабнуць да канца тыдня. Такія нізкія тэмпературы, якія ўсталяваліся ў Беларусі ў апошнія дні, абумоўленыя ўварваннем халоднага арктычнага паветра, распавяла спецыялістка.

«У першую снежаньскую ноч тэмпература склала мінус 21-23 градусы, месцамі — да мінус 25-26, а на метэастанцыі «Палеская» быў усталяваны абсалютны рэкорд для гэтай станцыі ў снежні — тут слупок тэрмометра дасягнуў адзнакі ў -30 градусаў», — распавяла Людміла Парашчук.

2 снежня тэмпература паветра ўначы складзе мінус 15-22 градусы, пры праясненнях — да мінус 25-27, днём яна не перавысіць мінус 10-16 градусаў, па паўднёвым захадзе — 5-9 градусаў марозу. Узмоцніць адчуванне холаду парывісты паўднёва-ўсходні вецер.
 
«Пры гэтым атмасферны фронт, які перамяшчаецца з паўднёвага захаду Еўропы, прынясе снег, месцамі з завірухай у многія рэгіёны краіны. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер складзе ад 5 да 10 метраў за секунду, парывы могуць дасягаць 14 метраў за секунду, а на паўднёва-захадзе раніцай і днём — да 15-18 метраў за секунду. Магчымая завіруха», — расказала сіноптык, перадае БелТА.

Як паведаміла Людміла Парашчук, ужо 3 снежня маразы саслабнуць. «Ноччу на большай частцы, а днём месцамі пройдзе кароткачасовы снег, слабая мяцеліца. Тэмпература паветра ноччу складзе мінус 6-13 градусаў, пры праясненнях — да мінус 16. Днём яна не перавысіць мінус 2-8 градусаў, па поўдні будзе каля нуля», — адзначыла спецыялістка.

У суботу, 4 снежня, на большай частцы тэрыторыі краіны зноў пройдзе снег, месцамі завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе мінус 3-10 градусаў, пры праясненнях — да мінус 13 градусаў. Днём чакаецца мінус 2-8 градусаў, па паўднёвым усходзе — каля нуля, паведаміла сіноптык Белгідрамету.

У нядзелю, 5 снежня, зноў стане халадней. Тэмпература паветра ноччу складзе мінус 6-13 градусаў, пры праясненнях — да мінус 16, днём яна не перавысіць 3-10 градусаў марозу. Месцамі магчымы кароткачасовы снег, слабая мяцеліца, на асобных участках дарог галалёд.

Тэмпература паветра 6 снежня будзе вагацца ад нуля градусаў на паўднёвым захадзе да мінус 7 градусаў на паўночным усходзе, адзначыла Людміла Парашчук. У аўторак, 7 снежня, на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца ападкі (у асноўным снег, на поўдні з дажджом), слабы галалёд. Тэмпература паветра ноччу складзе мінус 3-8 градусаў, днём не перавысіць 1-6 градусаў марозу, на поўдні краіны на працягу сутак чакаецца каля нуля.

Как вам новость?