Сіноптыкі: на выходных у Беларусі будзе прахалодна

16.04.2010 14:47
Архив Редакция

У суботу, 17 красавіка, праз тэрыторыю Беларусі чакаецца рух атмасфернага фронта, услед за якім да нас пачне паступаць больш прахалодная паветраная маса са Скандынавіі. Як паведамляе Рэспубліканскі гідраметэацэнтр, у краіне пахаладае: тэмпература паветра ўначы складзе +1..+7°С, удзень чакаецца +6..+12°С.

«Уначы ў шматлікіх раёнах, удзень пераважна па ўсходняй палове рэспублікі пройдуць дажджы. Вецер паўднёвы з пераходам на паўночна-заходні ўмераны, месцамі парывісты», — распавялі сіноптыкі.

«У нядзелю, 18 красавіка, Беларусь будзе знаходзіцца на паўднёвай ускраіне атлантычнага цыклона з цэнтрам над Фінляндыяй. З ростам атмасфернага ціску невялікія кароткачасовыя дажджы чакаюцца толькі па поўначы краіны. Уначы і раніцай месцамі смуга. Вецер паўднёва-заходні ўмераны, удзень парывісты», — адзначаецца ў паведамленні Белгідрамета.

Як распавялі спецыялісты, уначы будзе даволі прахалодна -2..+5°С, а ўдзень «па перыферыі цыклона на нашу тэрыторыю прагназуецца паступленне цёплай паветранай масы з Заходняй Еўропы, таму пасля поўдня тэрмометры пакажуць +10..+17°С».

«У панядзелак, 19 красавіка, атмасферны ціск пачне паніжацца. З праходжаннем чарговай франтальнай часткі ўначы па поўначы рэспублікі, а днём месцамі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Вецер паўднёвы з пераходам на паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы 0..+7°С, удзень ад +8°С па паўночным захадзе да +18°С па паўднёвым усходзе краіны», — паведамілі ў Белгідрамеце.

Как вам новость?
Головоломки